Суд не пакараў віцябляніна за бел-чырвона-белыя магніцікі на лядоўні

Сяргей Сясіцкі / Courtesy Photo
Сяргей Сясіцкі / Courtesy Photo

Суд у Віцебску не стаў караць мясцовага жыхара Сяргея Сясіцкага за бел-чырвона-белыя магніцікі на лядоўні, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

У жніўні Сясіцкага затрымалі па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі. Дома ў яго прайшоў ператрус, падчас якога канфіскавалі тры бел-чырвона-белыя магніцікі з дзверцаў лядоўні і чахол для тэлефона з гербам "Пагоня", які ляжаў у тумбачцы.

Інфармацыю пераслалі са Следчага камітэта ў Кастрычніцкі РАУС — каб там праверылі магчымае адміністрацыйнае правапарушэнне. Міліцыянты склалі на Сясіцкага пратакол за несанкцыянаване пікетаванне (частка 1 артыкула 24.23 КаАП) і пратрымалі трое сутак у ІЧУ.

20 верасня справу разгледзеў суддзя Царыкаў, які нядаўна пасадзіў журналістку Таццяну Мацвееву на 8 сутак за бел-чырвона-белыя палоскі на аватарцы ў Facebook. Сясіцкі на судзе прызнаў наяўнасць у кватэры магнітаў і чахла з сімволікай, але не прызнаў, што гэтым ён праводзіў пікет. Царыкаў заявіў, што ў матэрыялах справы няма звестак ні пра тое, у якім месцы праводзілася несанкцыянаванае мерапрыемства, ні пра тое, як Сясіцкі публічна дэманстраваў магніцікі нявыяўленаму колу асоб. Таму ён прызнаў абвінавачанне недаказаным і спыніў справу.

За апошнія два гады ў Беларусі гэта хіба што першы такі прысуд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі