Суд стаў на бок інваліда-вазочніка
Кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорта Мінск-2 абавязанае выплаціць матэрыяльную шкоду старшыні Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.
Яўген Шаўко падаў іск у суд на гендырэктара аэрапорта Дзмітрыя Мелікяна пасля вандроўкі на самалёце вясной 2013-га. Перад палётам Шаўко папярэдзіў работнікаў аэрапорта пра тое, што яму будзе патрэбны дадатковы сэрвіс як чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак, нягледзячы на гэта, Шаўко прапанавалі крэсла, непрыстасаванае да патрэбаў інвалідаў.
Яўген Шаўко адмаўляўся сядаць у прапанаванае крэсла, бо баяўся за сваё здароўе. Нягледзячы на яго пратэст і адмову сядаць у непрыстасаванае крэсла, якое было без паясоў бяспекі, супрацоўнікі аэрапорта так і не прадаставілі яму вазка для інвалідаў. Падчас пасадкі ў самалёт Яўген папярэдзіў, што падасць у суд на такое абслугоўванне аэрапорта.
Першае судовае пасяджэнне адбылося 31 кастрычніка. Яўген Шаўко патрабаваў дзвюх рэчаў: кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 млн. рублёў і забароны ўжывання непрыстасаваных для інвалідаў-вазочнікаў крэслаў у аэрапорце. 9 студзеня адбылося чацвёртае судовае пасяджэнне, на якім суддзя прапанавала падпісаць міравое пагадненне. Тэкст якога быў узгоднены абодвума бакамі. Расказвае Яўген Шаўко:
“У гэтым міравым пагадненні было сказана, што аэрапорт прызнае маральную шкоду і выплачвае мне 10 млн. рублёў кампенсацыі. І аэрапорт абавязваецца выкарыстоўваць пры перамяшчэнні інвалідаў-вазочнікаў толькі тыя інвалідныя вазкі, якія прайшлі спецыяльную сертыфікацыю ў Міністэрстве аховы здароўя”.
Фармальнае падпісанне павінна было адбыцца 9 студзеня. Аднак гендырэктар аэрапорта выказаў жаданне асабіста падпісаць пагадненне. Пасяджэнне з падпісаннем перанеслі на 15 студзеня, на якое гендырэктар не прыйшоў. На чарговым пасяджэнні Яўген Шаўко прадставіў новыя доказы таго, што аэрапорт мае спецыяльныя вазкі для інвалідаў. Прадстаўнік аэрапорта ў сваю чаргу прадставіў ліст гендырэктара ў завод пратэзаў з просьбай перарабіць крэслы пад патрэбы інвалідаў. Працягвае Яўген Шаўко:
”Ніякага акта прыёма-перадачы, нейкіх накладных… Ніякага дакумента, які б пацвярджаў тое, што крэслы перададзеныя на пратэзны завод, не было прадстаўлена”.
Яўген Шаўко перакананы, што такія крэслы на колах немагчыма перарабіць на вазкі для інвалідаў, якія б адпавядалі ўсім неабходным нормам.
15 студзеня з'явілася новая версія міравога пагаднення. Суддзя ацаніла нанесеную маральную шкоду толькі ў 5 млн. рублёў. Таксама суд не задаволіў просьбу забараніць выкарыстоўваць крэслы не прызначаныя для інвалідаў. Суддзя матывавала сваё рашэнне тым, што прадмет спрэчкі (Еўрарадыё — крэслы) цяпер знаходзяцца на дапрацоўцы, таму нельга забараніць іх выкарыстанне.
Старшыня асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў з такім рашэннем не згодны і абяцае працягнуць разбіральніцтва. Варта дадаць яшчэ тое, што праблема людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі тычыцца не толькі аэрапортаў, але таксама і чыгункі.
Фота: realt.onliner.by
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма