Супраць супрацоўнікаў "Белагра" пачалі крымінальныя справы
Напярэдадні ў офісе кампаніі адбыўся ператрус / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
На чацвярых супрацоўнікаў групы кампаній "Белагра" завялі крымінальныя справы, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы. Сілавікі прозвішчы не называлі, казалі толькі, што вытворчасць звязаная "з наркотыкамі, распальваннем варожасці, удзелам у масавых беспарадках 2020 года, аказаннем садзейнічання экстрэмісцкім фарміраванням".
Праваабаронцам удалося даведацца імёны фігурантаў гэтых крымінальных спраў — гэта Кірыл Малянтовіч, Дзмітрый Левянкоў, Людміла Гецман, Арцём Зубракоў. "Пакаяннае відэа" з Кірылам Малянтовічам напярэдадні з'явілася ў сеціве. Мужчына "прызнаваўся", што быў падпісаны на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы і пакідаў у іх абразлівыя каментары.
Сілавікі прыйшлі ў офіс "Белагра" напярэдадні раніцай. Сярод іншага праверылі тэлефоны супрацоўнікаў на прадмет падпіскі на "экстрэмісцкія" Telegram-каналы. Частку работнікаў затрымалі. Тых, на каго склалі толькі адміністрацыйны пратакол, будуць судзіць сёння. Першапачаткова цікавасць сілавікоў да "Беалгра" назіральнікі звязвалі з фігурай Дзмітрыя Семчанкі — былы журналіст прэзідэнцкага пула апошнім часам працаваў у гэтай кампаніі прэс-сакратаром. У сярэдзіне верасня яго затрымалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.