Лебядок і Шарах атрымалі па 15 сутак арышту
Ваенны эксперт Ягор Лебядок асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў". Яго справу ў Цэнтральным судзе Мінска разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.
Лебядок — навуковец-фізік, які ў апошнія год-паўтара стаў вядомы як ваенны эксперт, неаднаразова выступаў у эфіры Еўрарадыё. У яго ёсць тэлеграм-канал, прысвечаны вайсковай і інфармацыйнай бяспецы Беларусі. Напярэдадні з'явілася відэа з затрыманым Ягорам Лебядком. На ім ён кажа, што затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
На 15 сутак арышту асуджаны старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах. Па звестках праваабаронцаў, яго пакаралі за аватарку ў Facebook. Верагодна, гаворка пра фотаздымак, унізе якога прычэплены сцяг Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.