Рэдактар tut.by прызнаўся, што яго змушалі да супрацоўніцтва ў Следчым камітэце
Рэдактар tut.by Дзмітрый Бобрык прызнаўся, што яму пагражалі і змушалі да супрацоўніцтва ў Следчым камітэце. На сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў пра падзеі 7 жніўня, калі праходзілі ператрусы і затрыманні па "справе БЕЛТА".
"Пасля трохгадзіннага ператрусу ў кватэры 7 жніўня мяне адвезлі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта, — піша Бобрык. — Менавіта ў будынку СК, дзе мяне пратрымалі да позняга вечара, я дазволіў сабе праявіць слабасць, збаяцца. Тут... паступали прамыя пагрозы — у мой адрас, і ў адрас маіх родных і блізкіх. Спачатку мне паабяцалі раскрыць дэталі асабістага жыцця, калі адмоўлюся ад супрацоўніцтва. А скончылася пагрозамі ў адрас родных, якія могуць пацярпець. Тут мяне закалаціла, мне пагражалі самым важным у жыцці. Я напісаў паперу аб супрацоўніцтве".
Дзмітрый Бобрык сцвярджае, што яшчэ ў Следчым камітэце вырашыў, што супрацоўнічаць не будзе, бо не зможа "пасля гэтага глядзець на сябе ў люстэрка". Як вядома, спачатку ён праходзіў па справе як сведка. Падазраваным ён стаў толькі праз некалькі тыдняў. Бобрык піша, што гэта адбылося з-за таго, што ён не даваў следчым ніякай інфармацыі, якая іх цікавіла.
"Пасля гэтага ціск узмацніўся, — працягвае сваю гісторыю Дзмітрый. — Мне агідна ад таго, што мне не хапіла мужнасці, седзячы ў СК, адмовіцца ад супрацоўніцтва". Цяпер жа ён заявіў пра гэта публічна, паколькі не мае больш сіл, каб "усё гэта вытрымаць". Пры гэтым Бобрык баіцца, што на яго родных, блізкіх і сяброў будзе аказвацца ціск.
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова пракаментавала заяву Дзмітрыя Бобрыка ў сваім уласным акаўнце ў Facebook. "Самая кароткая небыліца: Следчы камітэт завербаваў", — напісала яна.
Следчы камітэт расследуе крымінальную справу пра незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. 7 жніўня адбыліся ператрусы ў офісах БелаПАН, tut.by. Былі затрыманыя дзевяць чалавек: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, Таццяна Каравянкова, Паўлюк Быкоўскі, Аляксей Жукаў, Ірына Леўшына і Дзмітрый Бобрык. Усіх іх пасля вызвалілі.