Супрацоўнікаў Hoster.by не пускаюць на працу
Усё пра "Справу БелТА"
Супрацоўнікаў кампаніі Hoster.by не пускаюць на працоўныя месцы. Офіс кампаніі знаходзіцца ў мінскім офісным цэнтры Omega Tower — там жа, дзе размешчаная рэдакцыя TUT.by, у якой цяпер праходзіць ператрус.
Дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў піша, што Следчы камітэт перашкаджае працы кампаніі:
"Паважаная Юлія Ганчарова [афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта. — Еўрарадыё]! Вы ў курсе, што цяпер СК перашкаджае працы кампаніі Hoster.by, не пускаючы супрацоўнікаў на свае працоўныя месцы? Хто будзе несці адказнасць, калі ўзнікне збой у працы большасці сайтаў у байнэце і/або даменнай зоны?"
Hoster.by — найбуйнейшы хостынг-правайдар у Беларусі і адміністратар нацыянальных даменных зонаў .бел і .by.
У офісах TUT.by і БелаПАН сёння з раніцы праходзяць ператрусы. Затрыманыя журналісты і рэдактары: Марына Золатава (TUT.by), Ганна Калтыгіна (TUT.by) і Таццяна Каравянкова (БелаПАН). Ёсць інфармацыя аб затрыманні Ульяны Бабаед (TUT.by).
Затрыманне звязанае з праверкай па крымінальнай справе за "несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў нанясенне істотнай шкоды". Журналістаў падазраюць у несанкцыянаваным доступе да платнай стужкі навін БЕЛТА. Санкцыі па гэтым артыкуле — штраф, або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.