Сурыкаў — пра Regnum: Гэта радыкальныя журналісты
Радыкальнымі журналістамі назваў затрыманых аўтараў інтэрнэт-рэсурса Regnum амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра стан беларуска-расійскіх адносінаў і яго рэакцыю на арышты прарасійскіх прапагандыстаў.
“Гэта беларускія грамадзяне, гэта справа працэсуальна беларуская. Гэта радыкальныя журналісты. Мы таксама атрымліваем гэты Regnum. Мы вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаванне братэрскіх сувязяў паміж беларускім і расійскім народамі. Але ж шмат чаго ёсць на ўбіванне клінаў”.
Сурыкаў адзначыў, што ён вельмі сумняваецца, што затрыманыя аўтары Regnum, сапраўдныя патрыёты Беларусі. Таму што такія фармулёўкі як “недадзяржава”, “неданарод” не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна краіны, у тым ліку і журналіста.
“Таму ў гэтай справе трэба добра разабрацца. Тут ёсць нейкая дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанні радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнага сяброўства. Ёсць вельмі шмат пытанняў, на якія тыя органы, што гэтым займаюцца, павінны паглядзець і, не ўлязячы ў свабоду слова, прыняць адпаведнае рашэнне”, — дадаў расійскі пасол.
Каментуючы праблемы з пастаўкамі беларускага малака і адсутнасцю дамоўленасцяў па пастаўках газа, Сурыкаў заўважыў, што разглядае адносіны Расіі і Беларусі, як адносіны стратэгічных партнёраў і братэрскіх краін, а ўсё астатняе мае месца быць.
“Таму не трэба ўсё зводзіць да прыватнасцяў. Прыватнасці ў беларуска-расійскіх адносінах былі, ёсць і будуць. У бізнес-структурах, палітычныя прыватнасці, якія кожны па-свойму спрабуе ацаніць. Ёсць і пытанні нацыяналізму ў свеце, які, на жаль, узнімае галаву. Ёсць нацыяналізм на тэрыторыі Беларусі, ёсць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, і на тэрыторыі Украіны і ў краінах ЕС. І гэтаму трэба даваць адпор”.