“Свабодны тэатр” паказаў у Мінску новы спектакль “Доля ліўня”
Кожная прэм’ера “Свабоднага тэатра” — гэта нешта новае пра нас, жыццё ці грамадства.
Гэта можа быць моцная сацыяльная ды злабадзённая пастаноўка ці сумная пародыя на наша жыццё, альбо імерсійны абсурдысцкі спектакль, дзе гледача далучаюць у сам працэс, робяць адной з дзейных асоб і пастаянна ўзаемадзейнічаюць з ім.
І кожны раз вынікі гэтага чакання здзіўляюць. Так і адбылося гэтым разам, з новым спектаклем “Доля ліўня”.
Калі чуеш назву, адразу спрабуеш уявіць у галаве магчымыя гісторыі. Розум малюе вобразы сумнай сучаснасці, чалавечага адзіноцтва, адчаю, цішыні. Але ўсё мяняецца, як толькі ўсе гледачы займаюць свае месцы ў імправізаванай зале тэатра. У гэты момант гульня пачынаецца. Гледачы аказваюцца самымі непасрэднымі ўдзельнікамі таго, што будзе адбывацца на сцэне.
Уся пастаноўка — гэта адна вялікая змова. Паўсюль вада. Як у фізічным, так і ў метафарычным сэнсе. Акцёр умела ліе ваду, і гэта ў яго выдатна атрымліваецца. Гледачы насцярожана ўслухоўваюцца ў гукі вады, якія ўтвараюць незвычайную мелодыю, а пасля тонуць. Не толькі ў ліўні сэнсаў.
Сэнсы прымушаюць падумаць. Не абавязкова ўслых і гучна, дастаткова і для самога сябе. Ці даўно вы глядзелі на неба? А назіралі за сонцам, якое ярка ружовым дыскам заходзіць за гарызонт? Няўжо ў вас ніколі не было цудоўнага адзіноцтва, поўнай свабоды і асэнсавання свайго жыцця?
Падумайце. Адказы вы, магчыма, атрымаеце, калі завітаеце на спектакль. Толькі памятайце, што, седзячы ў першым шэрагу, вы можаце намачыць ногі. Літаральна.
****
неба над берлінам
вада (абодва сэнсы)
не замачыце ногі
таполя ці вярба
цішыня
думай! танцуй!
час/чаканне
змова
разгубленасць/прастата
перфоманс
не спрабуйце зразумець!
заходы і святло
гледачы — непасрэдная частка спектаклю
той выпадак, калі цяжка казаць