Сведка распавёў, як Ту-154 падаў у Чорнае мора
Крушэнне Ту-154 над Чорным морам магло адбыцца з-за памылкі пілотаў, піша расійскае выданне "Коммерсант". Паводле інфармацыі выдання, гэтая версія ў следчых цяпер лічыцца прыярытэтнай.
"Коммерсант" паведамляе, што сведкам здарэння стаў адзін з памежнікаў берагавой аховы. У момант авіякатастрофы ён знаходзіўся на катэры ў акваторыі Сочы.
Відавочца распавёў, што Ту-154 не набіраў вышыню, а стаў хутка зніжацца да паверхні мора, быццам збіраўся сесці на ваду. Пры гэтым авіялайнер ішоў на невялікай хуткасці з ненатуральна задраным угору носам. Па словах сведкі, самалёт пры гэтым быў падобны да матацыкла, пастаўленага на задняе кола. Потым самалёт зачапіў хвастом паверхню мора, ад удару хваставая частка адвалілася. Пасля гэтага самалёт хутка затануў.
Па словах экспертаў, прычынай такога палёту маглі быць памылковыя дзеянні пілотаў, якія спрабавалі занадта энергічна падняць самалёт уверх. Гэта прывяло да страты хуткасці і пад'ёмнай сілы на крылах і зніжэння да паверхні мора.
Нагадаем, што пры авіякатастрофе расійскага Ту-154, якая адбылася 25 снежня, загінулі 92 чалавекі.