Святлана Алексіевіч: “Рускія танкі ля мяжы — гэта не аргумент у спрэчцы”

14 траўня ў Варшаве беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч прэзентавала сваю апошнюю кнігу “Час сэканд-хэнд” у перакладзе на польскую мову. На сустрэчу з ёй у Дом спаткання з гісторыяй прыйшлі сотні чытачоў. Размова доўжылася дзве гадзіны і тычылася вяртання “чырвонай імперыі“ і “чырвонага чалавека”, у тым ліку вайны на Данбасе.

Алексіевіч: "Сёння мяне страсянула тое, што рускія маці баяцца гаварыць журналістам пра сыноў, што загінулі ва Украіне. І калі я адну маці спытала: “Але загінуў ваш адзіны сын. Чаму вы баіцеся гаварыць пра гэта?” І яна адказала: “Мне тады не дадуць мільён. А я за яго хачу купіць дачцэ кватэру”. Калі я пісала кнігу пра Афганістан, людзі былі больш шчырыя. Маці крычалі, галасілі. І тут нельга гаварыць, што ўсё выклікана страхам. Тут шмат чаго намяшана. Гэта мы, эліта, падтрымалі Гарбачова і перабудову, мы гаварылі, а народ маўчаў увесь час. Пуцін загаварыў на іх мове, і казалася, што замест будучыні народ выбірае мінулае. Гэта самае страшнае адкрыццё апошніх год. Расійскае тэлебачанне разбэшчвае людзей. За тое, што кажуць расійскія журналісты пра Захад, пра Украіну, трэба аддаваць пад суд. Але справа ў тым, што народ хоча гэта чуць. Мы можам гаварыць пра "калектыўнага пуціна", пра тое што Пуцін — у кожным рускім".

Сярод публікі прысутнічаў і прыхільнік самаабвешчанай "ДНР", сталы мужчына ў чырвона-белым гальштуку, які ўсю сустрэчу выкрыкваў лозунгі за вольны Данбас, пакуль яго не вывелі. Але перад тым дазволілі задаць пытанне Святлане Алексіевіч.

Мужчына: "Вы можаце растлумачыць, чаму Данбас, які хоча сысці ад Украіны, не мае права гэтага зрабіць?"

Алексіевіч: "Усё можа зрабіць Данбас, але для гэтага не трэба заліваць краіну крывёю, праводзіць злачынную анэксію Крыма, і ўвогуле разбураць гэты крохкі пасляваенны свет. Я толькі што з Кіева. Я размаўляла з людзьмі, і ўражаная іх тварамі. Яны абралі новае жыццё і будуць за яго змагацца. І я не думаю, што гэта чэсны аргумент у спрэчцы — сотні рускіх танкаў ля мяжы. Гэта не размова".

14 траўня на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве распачаўся Варшаўскі кніжны кірмаш. Запачаткаваны ў 2010 годзе, за пяць гадоў ён здолеў стаць чацвертым па маштабе кніжным кірмашом Еўропы. Сёлета ў Варшаву прыехалі 850 выдаўцоў з 250 краін свету. У рамках кірмаша пройдзе і ўручэнне прэміі імя Рышарда Капусцінскага за літаратурны рэпартаж.

Фота: gazeta.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі