Сям’і інвалідаў з Івацэвічаў дазволілі гадаваць дзіця

Сям’і інвалідаў з Івацэвічаў дазволілі гадаваць дзіця

Сямейная пара інвалідаў з Івацэвічаў атрымала дазвол на гадаванне свайго здаровага дзіцяці. Намаганнямі Офіса па правах людзей з інваліднасцю было адмененае рашэнне УКК, паводле якога Ганна і Анатоль Бахуры не могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі. Цяпер Ганна разам са сваім сынам Косцем могуць нарэшце паехаць дадому.


Жанчына атрымала афіцыйны адказ з подпісам выконваючага абавязкі галоўнага лекара Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні. Міністэрства аховы здароўя правяло пасяджэнне цэнтральнай урачэбна-кансультацыйнай камісіі ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама, па выніках якога ранейшыя рашэнні адмененыя. Установа аховы здароўя прынесла “шчырыя прабачэнні за прынесеныя нязручнасці” і гатовае па неабходнасці ў далейшым аказваць медыцынскую і іншую дапамогу маці і дзіцяці.
Распавядае дырэктар офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніра Браніцкая:


Маці хоча і можа выконваць бацькоўскія абавязкі. Больш за месяц яна была з дзіцём у лякарні і ўсе бачылі, што яна можа гадаваць дзіця, то бок яна рабіла ўсё тое, што павінна рабіць маці. І таму тут не павінна ўзнікаць пытанне, можа ці не. Яна абавязкі выконвала. На шчасце, медыкі зразумелі гэтую памылку і зрабілі тое адзінае слушнае, што магло быць зробленае: яны адмянілі гэтае рашэнне УКК”.


37-гадовая жыхарка Івацэвічаў Ганна Бахур, якая мае паталогіі развіцця канечнасцяў, месяц таму нарадзіла здаровага хлопчыка, але медыкі не сталі выпісваць маці і дзіця дадому, бо паводле правілаў, чалавек з такім дыягназам не можа выконваць бацькоўскія абавязкі. Муж Ганны таксама інвалід, у яго ДЦП. Тым не менш, пара паспяхова сябе абслугоўвае і не мае жыллёвых праблем. Аднак паводле нарматыўных актаў дзіця падлягала адабранню з сям’і — хлопчыка маглі перадаць пад апеку іншым людзям.

Гісторыя сям’і Бахураў набыла вялікі розгалас. 19 жніўня лякарню, дзе Ганна знаходзілася з дзіцём, наведала міністр працы Марыяна Шчоткіна. Тады чыноўніца заявіла, што ў падобных выпадках трэба практыкаваць індывідуальны падыход у вырашэнні такіх праблем. Чыноўніца выказала меркаванне, што такую маці нельга пазбаўляць дзіцяці.

Браніцкая: “Ёсць выпадкі, калі толькі таму, што ёсць захворванне, адразу уздымаецца пытанне, каб адабраць дзіця. Была прыцягнутая ўвага да гэтай сітуацыі, таксама былі яшчэ некалькі падобных сітуацый. На шчасце, яны скончыліся добра — дзеці засталіся з бацькамі… Сапраўды, тут ёсць крыху сістэмныя праблемы. Мы спадзяемся, што пасля гэтай сітуацыі ўлады ўбачылі праблему, і яна не застанецца нявырашанай”.

Увогуле, цікава тое, што закона, які б дазваляў забіраць дзяцей у людзей з інваліднасцю, у нашай краіне няма. У беларускім Кодэксе аб шлюбе і сям’і, ёсць артыкул 93 “Пакрыццё бацькамi выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні”. Для гэтага артыкулу Міністэрства аховы здароўя ў 2005 годзе стварыла адмысловую 25-ую пастанову са спісам захворванняў, пры якіх бацькі могуць не плаціць дзяржаве за ўтрыманне дзіцяці, калі тое было забранае з сям’і. Па словах юрыстаў, падобныя выпадкі, калі дзіця адбіраюць у бацькоў-інвалідаў, адбываюцца з-за своеасаблівай трактоўкі гэтай 25-ай пастановы.

Фота: TUT.BY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі