Сяргей Чалы: інфляцыю прапусцілі, выбараў не будзе і як падгадзіць ЕС
У Беларусі цяпер двухзначная гадавая інфляцыя — 10,2% / Еўрарадыё
Рэжым адцягвае мясцовыя выбары, таму што не прыдумаў, як утрымаць уладу, зрабіўшы касметычныя змены. А кіраванне дзяржавай скочваецца да архаічных метадаў.
Пра гэта расказаў незалежны аналітык Сяргей Чалы ў "Эканоміцы на пальцах" на Еўрарадыё. Мы сабралі самае цікавае з перадачы.
"Ніякія выбары не адбудуцца"
На думку Сяргей Чалага, перанос выбараў у мясцовыя заканадаўчыя органы з 2022 года на 2023-і — пракрастынацыя ўладаў. Паколькі незразумела, як вырашыць галоўную задачу рэжыму: захаваць уладу і стварыць бачнасць змен.
— Мне здаецца, ужо ніякія выбары не адбудуцца. Лукашэнка ўсё выдатна зразумеў пра любы плебісцыт.
І хоць у дзяржСМІ і самім Лукашэнкам гаворыцца, што цяперашні тэрмін для яго апошні, на справе рыторыка разыходзіцца з намерамі, упэўнены Сяргей Чалы.
— Можна абяцаць новыя выбары, але зладзіць усё такім чынам, каб яны не мелі ніякага значэння. Давайце мы абяром такога чалавека, які будзе цалкам кантралявацца, змяняцца на выпадак, калі ён нешта не тое зробіць.
Пры гэтым расійскі сцэнар, калі Уладзіміра Пуціна змяніў Дзмітрый Мядзведзеў, які меў магчымасць самастойна прымаць рашэнні, немагчымы.
— "Дзімон" у нейкі момант меў магчымасць учыніць рытуальнае дзеянне. Ён казаў, што гэта ён пачаў грузінскую вайну ў 2008 годзе. Ён хваліўся гэтым. І рашэнне было прынята сапраўды ім. Тут, думаю, ніякага варыянта наогул не прадугледжваецца.
"Не проста падгадзіць, а знайсці слабае звяно ў ЕС"
Беларускія ўлады спрабуюць пасварыць паміж сабой краіны Еўрасаюза. Для гэтага і быў адпраўлены ў Латвію першы намеснік міністра транспарту Беларусі Аляксей Ляхновіч, лічыць Сяргей Чалы.
Чыноўнік камандзіраваны ў Рыгу і Вентспілс, дзе знаходзяцца марскія парты. Яны маглі б стаць альтэрнатывай для перавалкі беларускіх калійных угнаенняў, ад якіх адмаўляецца Літва.
— Гэта спроба ўбіць клін паміж Літвой і Латвіяй. Вы закрываеце транзіт, значыць, паспрабуем скарыстацца партамі ў Рызе і Вентспілсе. Гэта працяг той самай гібрыднай вайны, якая вядзецца з дапамогай мігрантаў і кантрабанды.
Для чаго гэта [візіт Ляховіча ў Латвію. — Еўрарадыё] было зроблена? Не проста спосаб падгадзіць. Гэта спосаб знайсці слабае звяно ў ЕС. Была спроба выклікаць там унутрыпалітычны крызіс з дапамогай мігранцкага крызісу. Цяпер спроба раскалоць праз сутыкненне лбамі.
У мэрыі Рыгі Еўрарадыё расказваюць, што "ў календары мэра Рыгі такой сустрэчы [з Ляхновічам] няма".
— З кім яшчэ першы намеснік міністра транспарту Беларусі можа сустрэцца ў Латвіі, мы не ў курсе, — кажуць у мэрыі.
Вайна з інфляцыяй прайграная
Па выніках верасня гадавая інфляцыя склала 10,2% пры планавым паказчыку 5%. Не дапамагаюць і загады спыніць цэны.
— Гэта гаворыць пра тое, што барацьбу з інфляцыяй упусцілі. У Расіі адбываецца роўна тое самае. Гэта інфляцыя выдаткаў, якая прыйшла за ростам сыравінных цэн. Там проста краіна больш сыравінная, таму яны гэта маментальна бачаць, — кажа Сяргей Чалы.
Аднак у Расіі падвышалася стаўка рэфінансавання. Так Цэнтрабанк Расіі рэагаваў на рост інфляцыі. Бо калі ключавая стаўка падвышаецца, то грошы становяцца даражэйшыя. Адпаведна, людзі бяруць менш крэдытаў, менш інвестуюць і трацяць. Гэта запавольвае рост цэн.
Акрамя таго, у Расіі стаўка рэфінансавання вышэйшая за ўзровень інфляцыі, гэта значыць рэальная стаўка не з'ядаецца інфляцыяй і застаецца станоўчай. У Беларусі стаўка рэфінансавання складае 9,25% пры інфляцыі ў 10,2%.
— У нас гэта чыста сімвалічная фігня [Нацбанк зусім не крэдытуе па стаўцы рэфінансавання. — Еўрарадыё]. Замест нармальнага манетарнага механізма мы вырашаем: "А давайце дружыны народнага кантролю з прафсаюзаў будуць дапамагаць КДК пісаць даносы на нягоднікаў, якія нажываюцца на росце цэн".
Сяргей Чалы мяркуе, што стрымліванне цэн — частка архаізацыі дзяржавы.
— Гэта на самай справе зусім не эканамічная гісторыя. Дзяржава перастае рабіць выгляд нармальнай, дзе працуюць цывілізаваныя механізмы кіравання эканомікай і сацыяльнымі працэсамі. На фоне гэтай архаізацыі адбываецца вяртанне да таго, з чаго Лукашэнка калісьці пачынаў.
У канцы 1994 года першым па-сапраўднаму самастойным эканамічным рашэннем Аляксандра Лукашэнкі было спыненне цэн, падкрэслівае Сяргей Чалы.
— Усё было выдатна. Рэйтынг вырас, толькі і тавары зніклі. Цэнавае рэгуляванне, яно ж як сарамліва працуе. Напрыклад, з алеем. Мы спачатку забараняем цэнам расці. Потым аказваецца, што алей кудысьці прапаў. Для таго каб змагацца з дэфіцытам, мы дазваляем зрабіць скачкападобны рост цэн.
Пры архаізацыі чыноўнікі даслоўна выконваюць указанні зверху, лічыць эксперт.
— Італьянская забастоўка — даслоўнае выкананне ўсіх глупстваў, якія прыходзяць чыноўнікам, без выканання функцыі "абароны ад дурня". Напрыклад, гісторыя з ТУТБАЙ або самалётам. Ніхто не задаўся пытаннем: "Пачакайце, вы разумееце, што будзе наогул?".
Цэны? Давайце спынім! Што яшчэ вы нам цікавага скажаце? Як у анекдоце пра Гарбачова: "А ў мяне было яшчэ столькі цікавых ідэй". Гэтая трагікамедыя ў рэчаіснасці, цана чалавечых лёсаў.
Таксама аналітык выказаўся наконт увядзення абавязковага масачнага рэжыму і магчымага штрафу за яго парушэнне да 870 рублёў.
— Ідэя калектыўнага імунітэту не працуе. Ён аказаўся даволі кароткачасовым. Патрэбна паўторная прышчэпка праз паўгода. Галоўная выснова — змена сацыяльных практык, відаць, адбудзецца навечна.
Сяргей Чалы перакананы, што штрафы за адсутнасць масак у грамадскіх месцах абавязковыя.
— Людзі, якія не разумеюць, як маскі працуюць, лічаць, што гэта дэманстрацыя іх уласнай бясстрашнасці. Сэнс маскі ў тым, каб іншых ад цябе, дурня, абараніць. Павінна быць санкцыя абавязкова. Інакш гэта не працуе, — рэзюмуе Сяргей Чалы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.