Сяргей Скрыпнічэнка: Рубель меншы па памеры за 50 капеек — а гэта нелагічна
Сяргей Скрыпнічэнка, дызайнер, хобі якога — вывучэнне манет і купюр розных краін свету, распавядае пра плюсы і мінусы новых беларускіх грошай.
Плямы на медзяках
Беларускія медныя манеты і еўра маюць аднолькавую праблему — плямістае пакрыццё, як вынік нейкай хімічнай рэакцыі. То бок, калі патрымаць у руках новую беларускую манету з медзі, на ёй застаюцца сляды ад пальцаў.
Нізкі ўзровень рэльефу
На нашых манетах занадта нізкі ўзровень рэльефу намінала. У еўра, якія рабіліся на тым самым віленскім манетным двары, што і беларускія капейкі, вышыня рэльефу, то бок, узвышэнне лічбы над манетай, большая. Адпаведна, лепш бачны намінал. Напрыклад, калі пакруціць пяцікапейкавую манету, яе выява будзе бачная не ва ўсіх ракурсах. З-за маленькага рэльефу ўзнікае ўражанне, што яна проста пацерлася ад часу. Вось намінал на ўкраінскіх капейках бачны нават з метра, чаго не скажаш пра беларускія. Людзям са слабым зрокам будзе цяжка адрозніць намінал.
Слабы разлёт наміналаў
Калі мы кладзем нават аверсам украінскія манеты наміналам у 10, 25, 50 капеек, з любой адлегласці бачна, наколькі яны па дыяметры адрозніваюцца адна ад адной. Мне нават не трэба глядзець на рэверс, каб зразумець, што гэта за намінал. Вельмі розны дыяметр. У беларускіх капеек дыяметр не такі розны. Да таго ж, пяць капеек, як найбольшая манета мінімальнага шэрагу, у беларускім варыянце не перадае сваёй значнасці. Яна маленькая! У адрозненне, напрыклад, ад украінскай "пяцёркі".
Рубель меншы за 50 капеек
Параўнаем манеты ў 50 капеек, рубель і два рублі — бачыце, тут абсалютна парушаная логіка шэрагу павелічэння: 50 капеек большыя за рубель, хаця павінна быць наадварот, і крыху меншая за два рублі.
Не падобныя да еўра і савецкіх капеек
Кажуць, што нашы манеты падобныя да савецкіх. А як не будуць падобныя да савецкіх, калі тут савецкі герб, трохі апрацаваны напільнікам? Аднак рэверс ужо прынцыпова не падобны да савецкага. Яны культурна зробленыя.
Новыя грошы не падобныя на еўра, а падобныя на грошы. І еўра падобныя на грошы. Каб гэта зразумець, трэба іх пакласці побач. Ні па кампазіцыі, ні па колерах яны не перасякаюцца. Перасякаюцца толькі як клас аб'ектаў. А вось калі параўнаць новыя азербайджанскія манаты з еўра — тут сапраўды можна знайсці падабенства. Нават не звяртаючыся да "Вікіпедыі" бачыш, што іх рабіў адзін калектыў ці чалавек.
Культурныя грошы
Любы чалавек з любой краіны, які прыязджае ў Беларусь, павінен разумець, што гэта грошы, а не квіткі на транспарт ці аблігацыі. У плане класа аб'ектаў тут усё выдатна зроблена. Першасная задача выкананая — гэта грошы. Іх друкавалі там жа, дзе друкуюць грошы для паловы краін свету, таму вытворчыя якасці адпавядаюць усім стандартам. Дызайн... Ну, я б зрабіў інакш. Усё ж грошы — гэта ўніверсальная штука, якая ёсць у кішэні кожнай асобы, якая жыве ў дзяржаве — ад бамжа да прэзідэнта.
Чорныя плямы на двухрублёвіку
Нацбанк даў тлумачэнне наконт плямаў на "двойцы". Дарэчы, плямы пайшлі па латуннай частцы, таму можна чакаць тых самых плямаў на 10, 20. 50 капейках. З іншага боку, латунныя еўра і грыўны добра выглядаюць і не маюць ніякіх хімічных плямаў.