Сярод баевікоў Данбаса журналісты знайшлі 100 грамадзян Нямеччыны
Сярод іх ёсць і былыя вайскоўцы бундэсвера.
Як паказала даследаванне нямецкага выдання Die Welt, за баевікоў Данбаса ваююць больш за 100 грамадзян Нямеччыны. Пераважная большасць з іх — перасяленцы з СССР. Аднак сустракаюцца там і былыя вайскоўцы бундэсвера, адзначае РБК.
Дарэчы, паводле заканадаўства Нямеччыны, добраахвотнікам з гэтай краіны за ўдзел у ваенных дзеяннях у Данбасе не пагражае пакаранне на радзіме. А вось за вайну на баку "Ісламскай дзяржавы" грамадзянам Нямеччыны пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, а пры даказаным удзеле ў ваенных злачынствах — пажыццёвае зняволенне.
Прадстаўнік фракцыі ХДС/ХСС Штэфан Маер заявіў журналістам, што за ваенныя дзеянні ў якасці наёмнікаў трэба ўвесці крымінальную адказнасць.
Між іншага, журналісты Die Welt адзначаюць, што апошнім часам вялікая колькасць маладых грамадзян Нямеччыны выкладвае ў сацыяльных сетках фатаздымкі і відэа са сваім удзелам у баявых дзеяннях у Данбасе на баку сепаратыстаў. Адзін з іх, нібыта, быў забіты 12 лютага ў раёне Дэбальцава. Гэта 33-гадовы немец казахскага паходжання, які пражываў у баварскім горадзе Швайнфурт.
Нагадаем, што ў лютым у Іспаніі прайшлі аблавы на ўдзельнікаў баявых дзеянняў у Данбасе. Паліцыя затрымала восем чалавек. Іх падазраюць у датычнасці да забойстваў і незаконным захоўванні зброі.
Фота — AP