Сёння ў Мінску будуць судзіць чатырох затрыманых журналістаў
За вечар 27 жніўня міліцыя затрымала ў Мінску 47 журналістаў — як беларускіх, так і замежных, падлічыла прэс-служба БАЖ.
У МУС заявілі, што журналістаў даставілі ў РУУС для праверкі дакументаў — ці законна яны працуюць у Беларусі. Большасць затрыманых былі вызваленыя.
Пасля праверкі дакументаў прынятае рашэнне пра дэпартацыю шведскага фатографа Пола Хансэна, пераможцу конкурсу World Press Photo. Яму забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў. Да Кастрычніцкага РАУС, дзе быў Хансэн і іншыя журналісты прыязджала амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан.
Журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову з РАУС забрала "хуткая". Зранку яна напісала ў сацсетках, што з ёй усё ў парадку.
На чатырох журналістаў склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэта адбылося пасля таго, як журналісты адмовіліся даваць свае смартфоны на праверку супрацоўнікам міліцыі. Гэта Кацярына Андрэева, Максім Гарчанок, Аляксандр Васюковіч, Андрэй Ярашэвіч. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. Сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска над імі пройдзе суд.
На фатографа Радыё "Свабоды" Уладзя Грыдзіна склалі пратакол за працу без акрэдытацыі, хаця ў яго ёсць акрэдытацыя МЗС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.