Тэлеканал АНТ адрэагаваў на звароты Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкалы
Спробай стварыць штучны палітычны ажыятаж вакол АНТ назвалі на тэлеканале звароты, якія сталі паступаць ад грамадзян.
Як распавядала Еўрарадыё, са зваротамі на тэлеканал звярнуліся кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава (кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі) і Вераніка Цапкала (жонка прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду). Таксама яны прапанавалі далучыцца да іх акцыі неабыякавым грамадзянам. Яны пратэстуюць супраць таго, што на тэлеканале выходзяць, па іх словах, "ілжывыя, сфабрыкаваныя сюжэты", зробленыя за грошы падаткаплатнікаў. Гаворка ідзе найперш пра тэлесюжэты па незавершанай "справе Белгазпрамбанка", у якой фігуруе Віктар Бабарыка.
Гэтыя заявы на АНТ ацэньваюць як "ціск на журналістаў у сувязі з выкананнем імі прафесійных абавязкаў".
Пры гэтым на тэлеканале абяцаюць разгледзець звароты ў парадку, вызначаным Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".
"Карыстаючыся выпадкам, хочам заклікаць арганізатараў падобных акцый да асабістай адказнасці за распальванне варожасці ў грамадстве і пакалечаныя лёсы маладых людзей. Упэўнены, што ўжо праз месяц зямля ачысціцца настолькі, што знікнуць штабы кандыдатаў, але большасць з нас даведаецца пра гэта, толькі калі сумныя паліттэхнолагі пачнуць шукаць новую працу", — з пафасам заяўляе прэс-служба АНТ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.