"Тлушч": Агітплакаты пакінем "Ляпісам"

Напярэдадні "Даём рады" у студыю Еўрарадыё завітаў "цёмны конік" фэсту — малады мінскі гурт "Тлушч". Музыкі не толькі разважалі пра панк-рок і звышмэты, але і замянілі бутлю з вадой у радыйным кулеры і памылі за сабой кубкі! Дзякуй, хлопцы!

Еўрарадыё: Ваша назва з'явілася на афішах фестывалю "Даём рады". І слухачы, натуральна, цікавяцца, у чым адметнасць гурта "Тлушч"?

Паша Белы: Мы вельмі перспектыўны гурт, нягледзячы на тое, што пакуль малавядомы. Мы зварыліся зусім нядаўна — у 2012 годзе. Але за гэты час выдалі ажно два рэлізы і сыгралі шмат канцэртаў у Мінску, Гродна, Бабруйску і Барысаве. Да таго ж, мы адметныя тым, што спрабуем граць у розных стылях, і спалучаем гэта ўсё з панк-рокам. А паколькі панк-рок — гэта крута, то і гурт наш таксама мусіць быць цікавы, спадзяемся.

Еўрарадыё: А вы лічыце сябе панкамі?

Паша Белы: (смяецца) Не думаю.

Андрэй Свірыд: (смяецца) Гэта, як паглядзець.

Паша Белы: Я ўсё ж сумняваюся. Наогул, гэтая тэма вельмі складаная, і ва ўсіх людзей розныя погляды на панк: што гэта менавіта, як панкі мусяць выглядаць, што яны мусяць насіць, якія мусяць быць у іх фрызуры, што павінна быць у галаве і так далей. Таму мы кажам каля-панк-рок, каб эксперты не былі раззлаваныя тым, што мы гэта называем панк-82 ці панк-73 (смяюцца).

Еўрарадыё: Чаму назваліся "Тлушчом"?

Паша Белы: Па-першае, мы за тлусты гук. І увогуле, нам падабаецца глэм-рок і такія гурты, як Turbonegro. Мы хацелі, каб усё было сур'ёзна, тлуста, пафасна, як у гэтых гуртоў, і як бывае ў глэм-року. Тым больш, назвы гуртоў, у якіх мы раней гралі — "Бостонское чаепитие" і "Завулак Vinny Stigm’ы" — не ўсе могуць запомніць. У нас было шмат-шмат варыянтаў "аднаго слова", але спыніліся на гэтым.

Еўрарадыё: Чым вы займаецеся апроч музыкі? Дзе працуеце? І ці мяркуеце зарабляць "панкам", як гэта робяць "Дай Дарогу!"?

Паша Белы: Ну, "Дай Дарогу!" граюць 15 гадоў. А праўдамі-няпраўдамі, калі палічыць, мы яшчэ 8 гадоў не граем. Адпаведна, праз 7 гадоў "панк" нас пачне карміць. Дагэтуль нам давядзецца працаваць там, дзе можна зарабіць грошай — недзе ля сферы IT — там, дзе мы цяпер і працуем.

Еўрарадыё: Ага! То бок, у вас цяпер усё нармальна з грашыма!

Андрэй Свірыд: Ну, гэта Паша за сябе кажа. Я працую там, дзе грошы зарабляць не заведзена. Я працую ў навуцы!

Паша Белы: Затое гэта пачэсна! (смяецца)

Еўрарадыё: То бок, Паша набывае для гурта педалборды, модныя гітары...

Паша Белы: Не! Мне падаецца, што няёмка сябе пачуваць у нашай краіне, калі ў цябе такая дарагая гітара! Таму мы карыстаемся самым простым абсталяваннем і асабліва не парымся наконт гэтага.

Андрэй Свірыд: Не, не самым ужо простым.

Паша Белы: Ну, такім, сярэднім.

Еўрарадыё: А які быў у вас самы вялікі ганарар?

Паша Белы: Не ведаю, ці здзіўлю я слухачоў Еўрарадыё, але па маіх дадзеных, панк-гурты граюць увогуле без ганарараў. Гэта не прынцып, не нейкае крэда, гэта проста традыцыі і абставіны. Бо звычайна ўсе панк-канцэрты робяцца на энтузіязме і выходзяць у нуль у лепшым выпадку. І пра ганарар тут гаворкі не ідзе. Адзінае, гаворка можа ісці пра аплату дарогі — гэта здараецца, і,вядома, гэта клёва. Але ўсё ж аднойчы мы атрымалі ганарар — за канцэрту Барысаве!

Еўрарадыё: Хто і што вас натхняе і ўплывае на творчасць, на з'яўленне вашых песень?

Паша Белы: Рэчаіснасць вакол — яна натхняе. Слухаем людзей, слухаем, што яны гавораць. Падслухоўваем розныя гісторыі ў транспарце, на рынку, у крамах. Потым гэта аналізуем. Так і нараджаюцца нашы песні.

Андрэй Свірыд: Часам самі генеруем гісторыі песень ці з'яўляемся іх героямі.

Еўрарадыё: Тым не менш, журналіст Сяргей Будкін у рэцэнзіі на вашу пласцінку, адзначыў, што вы ў сваёй творчасці нагадваеце ранняга Міхалка і позняга Вольскага. Але пакуль не збіраецеся "нарывацца на непрыемнасці".

Паша Белы: Я не думаю, што, каб быць прынцыповым чалавекам ці музыкам, трэба быць нейкім рэвалюцыянерам. Можна проста сумленна рабіць сваю справу і не спрабаваць зарабляць на гэтым іміджы — не эксплуатваць сваю пазіцыю, не выязджаць на ёй, і гэтым самым прыкрываць адсутнасць зместу ў творах.

Мне падаецца, што мы таксама рубім праўду-матку. Вось, у нас ёсць песні пра размеркаванне — пра хлопца, якога размеркавалі ў Ваўкавыск, ёсць песня пра дзяўчыну, якая гуляе з футбольнымі хуліганамі. Мы раскрываем шмат сацыяльных тэм. Натуральна, што пратэсту і вогнішчаў мы не распальваем, але тэмы актуальныя кранаем. Хіба, можа, у іншым ракурсе.

Андрэй Свірыд: Агітплакаты пакінем "Ляпісам".

Еўрарадыё: Ну, ці праз 7 гадоў вернецеся да іх.

Паша Белы: Так, калі спішамся, то будзе, прынамсі, што рабіць.

Еўрарадыё: Ці ставіце перад сабой звышмэты?

Андрэй Свірыд: Я б лепш паставіў задачу — не спыняцца. Бо ў большасці маладых гуртоў самая вялікая праблема, што яны хутка распадаюцца.

Паша Белы: Мы звычайна ставім тактычныя мэты... Я некалі чытаў інтэрв'ю з гуртом The Silicon. І яны распавядалі пра мэту, якую ставілі на наступны год. Гэта не атрымаць нейкія статуэткі і ўзнагароды, запісаць безліч альбомаў, а застацца ў тым жа складзе. Мне падабаецца склад, у якім мы граем цяпер. Я спадзяюся, што мы будзем і далей граць разам, а можа, яшчэ патлусцеем.

Еўрарадыё: Распавядзіце пра пласцінку, над якой вы цяпер працуеце.

Паша Белы: Рыхтуем мы, бадай, ЕР. У яго ўвойдзе 5-6 песень, і выйдзе ён на беларускім інтэрнет-лэйбле. Гэта будзе нешта моцнае, тлустае і хітовае — абяцаем! Усё, што мы рабілі раней, было ў фармаце "прыйшлі-запісалі-нармальна". Атрымалася—не атрымалася — не важна. Бо ісці яшчэ раз перапісваць — эта ж трэба грошы выдаткоўваць! Гэтым разам мы ствараем такі запіс, які будзе нам падабацца на 100 адсоткаў.

Еўрарадыё: Ці моцна адрозніваецца новы матэрыял ад вашых папярэдніх запісаў?

Паша Белы: Ён будзе такім жа разнастайным у стылістычным плане, па складзе інструментаў, па аранжыроўках. Ну, можа, для нас гэта разнастайна, а слухачы паслухаюць і не пачуюць нічога разнастайнага.

Андрэй Свірыд: Паслухаюць і скажуць: "О, Offspring!" (смяецца).

Еўрарадыё: Назву прыдумалі?

Паша Белы: Пакуль не. Але дакладна, не будзем рабіць, як Led Zeppelin і называць "Тлушч-2", "Тлушч-3" і т.д. Прыдумаем што-небудзь больш арыгінальнае. Там будзе песня "Нападпітку". Можа, так і назваць?

Андрэй Свірыд: Нават не ведаю (смяецца).

Паша Белы: Ёсць дзве песні, якія ўвойдуць у ЕР, натхнёныя беларускімі народнымі прымаўкамі. “З музыкі, рыбака і млынара не будзе гаспадара” — гэта вось пра тое, якія мы гаспадары.

Андрэй Свірыд: Гавары за сябе (смяецца).

Паша Белы: А наступны трэк — “Паміраць сабраўся, а жыта сей”. Не ведаю, можа, нешта будзе фальклорам натхнёнае.

Еўрарадыё: Дзе вы рэпетуеце?

Паша Белы: У гаражы!

Андрэй Свірыд: Klaxon Records!

Паша Белы: Так, наш сіндыкат! У нас там грае шмат гуртоў. Яны эвалюцыянуюць, распадаюцца, мяняюць назвы, з’яўляюцца новыя. У нас распісана, хто ў які дзень рэпетуе. Ну, так прасцей і танней. Мы арэндуем гараж. Паставілі туды апарат. Ён увесь час гарыць, ламаецца, рамантуецца, абнаўляецца і зноў ламаецца. Не так шмат у нас сапраўдных панкаўскіх гаражоў, але ёсць. І наш таксама нешта дадае ў гэтую тусоўку.

Еўрарадыё: Што думаеце пра сучасную беларускую музыку?

Андрэй Свірыд: Мне падаецца, што як і беларускай навуцы, беларускай музыцы блізкае паняцце імпартазамяшчэнне. Але я спадзяюся, што гурт “Тлушч” ідзе іншым шляхам, але гэта лепш чуваць слухачам.

Паша Белы: Вядома, цяпер да нас пачалі ездзіць неверагодныя зоркі, збіраць “Мінск-Арэну” і лядовыя палацы. І гэта некалькі б’е па нашых музыках. Я ўсё ж думаю, што з цягам часу людзям стане цікава слухаць сваё, мясцовае — нешта пра сябе, пра сваіх суседзяў, пра паездкі ў метро ці паходы на працу і на Камароўку, а не пра тое, як быць young and beautiful недзе за мяжой і за акіянам.

Еўрарадыё: 7 лютага вы бераце ўдзел у фэсце "Даём рады", падчас якога Еўрарадыё падводзіць музычныя вынікі 2013 года. За што б вы далі сабе ўзнагароду?

Паша Белы: Мы шмат канцэртаў сыгралі ў мінулым годзе. Шмат ездзілі. А наша галоўнае дасягненне, думаю, — гэта тое, што мы даехалі да Бабруйска, куды 100 гадоў не даязджаў ніводзін панк-гурт! Вось за гэта мы б сябе ўзнагародзілі (смяюцца).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі