Толькі ў двух раёнах Беларусі заробкі перавысілі абяцаныя 500 долараў
Сярэдні заробак "па пяцьсот" у Беларусі пакуль не атрымліваецца / з архіва БЕЛТА
Па выніках 2020 года толькі ў двух раёнах Беларусі сярэдні заробак перавысіў абяцаныя яшчэ ў 2006-м годзе 500 долараў у эквіваленце.
Сярэдняя зарплата ў Беларусі ў 2020 годзе склала 1251 рубель. Пасля выплаты падаткаў гэтая сума паменшылася да 1076 рублёў або да парадку 442 долараў у эквіваленце, палічыў партал TUT.BY і прааналізаваў, колькі атрымлівалі беларусы ў розных рэгіёнах краіны.
Высветлілася, што запаветныя "па пяцьсот" былі толькі ў жыхароў Салігорскага і Мінскага раёнаў — 637 долараў (1552 рублі пасля выплаты падаткаў) і 525 долараў (1278 рублёў пасля выплаты падаткаў) адпаведна.
Самая маленькая сярэдняя зарплата па краіне была ў Шаркаўшчынскім раёне — 647 рублёў пасля выплаты падаткаў (гэта каля 266 долараў). На другім месцы зарплатнага антырэйтынгу размясціліся Кармянскі і Мсціслаўскі раёны, тут у сярэднім па годзе людзі атрымлівалі 679 рублёў або каля 279 долараў.
Аўтар артыкула адзначае, што ў 80 з 118-ці раёнаў краіны сярэдні заробак пасля выплаты падаткаў быў меншы за 350 долараў.
Сумы ў доларах разлічваліся зыходзяць з сярэдняга курсу Нацбанка ў 2020 годзе — 2,4349 рубля.
Нагадаем, ідэю аб тым, што заробкі "ў бліжэйшую пяцігодку" павінны стаць па пятьсот долараў Аляксандр Лукашэнка агучваў яшчэ на трэцім Усебеларускім сходзе ў 2006 годзе. У 2009-м ён назваў гэтую лічбу святой і нагадаў, што "сярэдняя зарплата на працягу года павінна дасягнуць 500 долараў".
Гэтым летам — падчас перадвыбарчай кампаніі — Лукашэнка зноў абяцаў істотнае павелічэнне заробкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.