The Toobes: Гурт з замежжа ці новая песня ў трох танальнасцях (слайд-шоў)

Субота. Халодны Re:Public. The Toobes граюць першы за восем месяцаў сольнік у Мінску. На сцэне — начны горад: шматпавярховікі з акенцамі, як сімвал таго, што музыкі выступаюць дома. Бездакорны відэашэраг і святло. І практычна ідэальны гук, што амаль нерэальна для "Рэпабліка".


Відавочна, канцэртны вір па замежжу, у які абрынуліся "Тубсы", ідзе толькі на карысць гурту. Перад мінскай публікай паўстае спелая каманда, які дэманструе не толькі сваё ўменне граць і ствараць непаўторны драйв, але і новы матэрыял — меладычны, вылічаны, вывераны і прадуманы да дробязяў.


"Усё прайшло выдатна, нечакана для сябе добра. Мы сыгралі 4-5 песень з будучага альбома. І іх было складаней за ўсё граць. Адну з іх мы, напэўна, трэці раз у жыцці сыгралі. Што мы там гралі кожны ў розных танальнасцях?" — узгадвае пасля канцэрту бубнач-вакаліст гурта Стас Ламакін.


Праўда, людзі цяпер на The Toobes не ходзяць. Некалі былі думкі пра Палац спорту, а цяпер прыйшло чалавек 400 — самых адданых. Магчыма, хваля рэвайвл-року спадае, магчыма, адчуваецца праца гурта на франтах, далёкіх ад Беларусі і, як вынік, кароткая памяць фэнаў.


Стас Ламакін: Мы не займаліся канцэртам у прынцыпе. Нас не было ў Беларусі.


Стас Мурашка: Так, мы былі сёння прывазным гуртом.


Стас Ламакін: Так, упершыню. Людзей было менш, чым звычайна, але іх было дастаткова для таго, каб сыграць выдатны канцэрт.


Стас Мурашка: Ды нават, каб адзін чалавек прыйшоў, канцэрт усё роўна быў бы выдатны.


Стас Ламакін: Я думаю, калі б...


Стас Мурашка: Ніхто не прыйшоў? (смяюцца) Мы б выдатна правялі час — знялі б добры кліп.


Падчас канцэрту "Тубсы" прэзентуюць новы кліп на песню "Say hello to my baby" з крывёй, забойствамі, пісталетамі і каханнем. І абяцаюць, што трэці альбом, над якім працуюць апошнія два гады, хутка выйдзе.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі