Трамбаніст "Серебряной свадьбы" стварыў уласны аркестр

Знаёмцеся! Аркестр дыхальнай перспектывы “Смена” — свежаспечаны праект трамбаніста “Серебряной Свадьбы” Яўгена Палавінскага. Яго прэм’ера адбылася днямі ў маскоўскім клубе “Кітайскі Лётчык”. А 19 ліпеня “Смена” сыграе ў мінскім “Графіці”.

“Галоўная адрозная рыса аркестра ў тым, што ён мае ў сваіх каранях культуру савецкага духавога аркестра, часоў, калі па суботах аркестры гралі ў парках, — тлумачыць ідэю новай фармацыі яе лідар Яўген Палавінскі. — Гэта не рэканструкцыя мінулага, але вельмі адчуваецца ў кожнай песні, што карані растуць адтуль. Мы выхоўваліся ў той час, мы прасякліся гэтым з малаком маці. Таму дзіўна было б адмаўляцца ад гэтага і накіраваць свае сілы ў спасціжэнне амерыканскай ці афрыканскай культуры”.

Пакуль у аркестры дыхальнай перспектывы восем чалавек. Аднак, кажа Яўген, склад будзе пашырацца, і духавых інструментаў стане больш. Сам музыка змяніў трамбон на акустычную гітару і мікрафон, ля якога выдае лірычныя і хуліганскія песні ў духу Мікаэла Тарывердзіева. Яшчэ адна адрозная рыса аркестра “Смена” — вібрафон, гукі якога надаюць музыцы аркестра цуда.

“Мы не будзем граць музыку, у якой адсутнічае думка, ці якая разлічаная на заробак грошай. Мы будзем імкнуцца зрабіць нешта большае”, — папярэджвае Палавінскі.

Пакуль пазнаёміцца з аркестрам “Смена” можна на яго старонцы Вконтакте. А 19 ліпеня музыкі чакаюць сваіх слухачоў у мінскім клубе “Графіці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі