Трамп хоча прызначыць Маска кіраўніком камісіі па эфектыўнасці ўрада
Дональд Трамп
Кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп у выпадку абрання яго прэзідэнтам мае намер стварыць камісію па эфектыўнасці ўрада. Кіраўніком камісіі ён хоча прызначыць мільярдэра Ілона Маска. Такія заявы Трамп зрабіў у Нью-Ёркскім эканамічным клубе, дзе ён прадставіў сваё бачанне развіцця эканомікі краіны. Пра гэта піша Reuters.
Трамп, у прыватнасці, паабяцаў знізіць стаўкі карпаратыўнага падатку для кампаній, якія вырабляюць прадукцыю ўнутры краіны, стварыць зоны "нізкага падаткаабкладання" для будаўнічых кампаній, каб заахвочваць іх да будаўніцтва новых дамоў, а таксама стварыць суверэнны фонд дабрабыту.
Што тычыцца камісіі па эфектыўнасці на чале з Маскам, то яна перш за ўсё, па словах Трампа, павінна будзе распрацаваць план па ліквідацыі "махлярства і неправамерных плацяжоў". Камісіі "будзе даручана правесці поўны фінансавы і аперацыйны аўдыт ўсяго федэральнага ўрада". Раней Маск казаў, што ўжо гутарыў з Трампам пра камісію, і што яму было б цікава папрацаваць у ёй.
"Я з нецярпеннем чакаю магчымасці паслужыць Амерыцы, калі з'явіцца такая магчымасць", — напісаў кіраўнік Tesla ў X у чацвер і дадаў, што "ніякай аплаты, ніякага звання, ніякага прызнання не патрабуецца".
Reuters адзначае, што гэтая ідэя Трампа выклікала папрокі з боку прафсаюзаў, якія прадстаўляе федэральных службоўцаў. Там баяцца, што Трамп і Маск маюць намер знішчыць беспартыйную дзяржаўную службу і замяніць звольненых работнікаў прыхільнікамі. "У гэтым няма нічога эфектыўнага", — заявілі агенцтву Reuters у прафсаюзах. Выбары прэзідэнта ў ЗША пройдуць 5 лістапада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.