Трамп у звароце да нацыі гаварыў не пра вайну, а пра санкцыі супраць Ірана
8 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў са зваротам да нацыі. Ён адрэагаваў на іранскія ракетныя атакі на амерыканскія вайсковыя базы ў Іраку (гэта быў адказ Тэгерана на ліквідацыю амерыканцамі іранскага генерала Касема Сулеймані). Трамп заявіў не пра ўдар у адказ, а пра ўвядзенне дадатковых эканамічных санкцый супраць Ірана (праўда, не ўдакладніў, што гэта за санкцыі). Паводле яго слоў, падчас іранскага ракетнага ўдару ніхто не пацярпеў — спрацавала сістэма ранняга апавяшчэння. Страты інфраструктуры мінімальныя. Дональд Трамп у чарговы раз нагадаў, што Сулеймані быў тэрарыстам, адказным за смерці тысяч людзей, у тым ліку і амерыканскіх вайскоўцаў.
Амерыканскі прэзідэнт падкрэслівае, што санкцыі супраць Ірана будуць працягвацца да таго часу, пакуль Тэгеран не адмовіцца ад падтрымкі тэрарызму і ядзернай праграмы (і прапанаваў Кітаю, Расіі, іншым краінам адмовіцца ад ядзернай здзелкі з Іранам). Ён паабяцаў, што падчас яго прэзідэнцтва Іран не будзе ядзернай дзяржавай.
Трамп заклікаў NATO да больш актыўнага ўдзелу ў сітуацыі на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў пра моц амерыканскіх Узброеных сіл і адзначыў, што гэта не азначае, што яе трэба выкарыстоўваць. Дональд Трамп зрабіў пасыл іранскаму народу і іранскаму кіраўніцтву: ЗША гатовыя да міру з тымі, хто хоча міру.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.