"Транснафта": нафтаправод не мог пацярпець праз няякасную нафту
Арганічныя хларыды, якія ідуць разам з нафтай па трубаправодах, не маюць каразійнай актыўнасці да матэрыялу трубаправодаў, абсталявання і канструкцый рэзервуараў. Пра гэта прэс-служба расійскай кампаніі "Транснафта" заявіла са спасылкай на высновы свайго навукова-даследчага інстытута, піша партал TUT.by. Раней беларускія ўлады сцвярджалі адваротнае.
У "Транснафце" падкрэслілі, што арганічныя хларыды трапляюць у трубаправод толькі разам з нафтай, атрыманай ад нафтаздабыўных кампаній. Сама ж "Транснафта" хлорарганічныя злучэнні ў сыравіну не дадаюць.
Разам з тым расійскія спецыялісты прызналі, што на абсталяванне нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ) арганічныя хларыды аказваюць крытычны ўплыў. Пад уздзеяннем высокіх тэмператур з хларыдаў вылучаецца саляная кіслата, якая шкодзіць паверхні трубаправоды і абсталяванне НПЗ. Ёсць і іншыя адмоўныя прыклады ўдзеяння.
Аднак усе гэтыя шкодныя ўдзеянні не адбываюцца пры перапампоўцы нафты, якая ідзе пры невысокіх тэмпературах — 5-40 градусаў Цэльсію.
Аб праблемах з пастаўкамі няякаснай расійскай нафты стала вядома 19 красавіка. У выніку перапрацоўкі няякаснай сыравіны было сапсаванае дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ.
Паводле папярэдніх неафіцыйных падлікаў, страты Беларусі ад паставак няякаснай нафты могуць скласці да 435 мільёнаў долараў.