Транзіцёр расійскай нафты па тэрыторыі Беларусі гатовы спыніць працу
Супрацоўнік прадпрыемства "Захад-Транснафтапрадукт" / ztnp.by
Каля 500 працаўнікоў УП "Захад-Транснафтапрадукт" — кампаніі, якая ажыццяўляе транзіт расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі — могуць застацца без працы, паведамляе агенцтва Sputnik Беларусь. Кіраўніцтва не выключае, што будзе вымушанае прыпыніць працу прадпрыемства з прычыны нерэнтабельнасці.
Пераганяць расійскую нафту па трубах праз Беларусь стала нявыгадна год таму, пасля таго як Аляксандр Лукашэнка сваім указам увёў экалагічны падатак на транзіт нафты і нафтапрадуктаў і павысіў стаўку падатку на прыбытак з 18% да 50%. Пасля такіх змен у падаткаабкладанні больш за 80% ад прыбытку прадпрыемства стала сыходзіць на выплату дадаткова ўведзеных падаткаў.
"Увядзенне дадатковай падатковай нагрузкі прывяло да зніжэння прывабнасці гэтага віду транспартавання і, як вынік, да зніжэння аб'ёмаў транспартавання і, адпаведна, стратнай дзейнасці прадпрыемства", — кажа генеральны дырэктар "Захад-Транснафтапрадукту" Уладзімір Лявонаў.
У выніку пры магчымасцях транспартаваць за год да 8 мільёнаў тон нафтапрадуктаў у 2020 годзе за межы Беларусі пайшло крыху больш за 4 мільёны.
Аўтар артыкула мяркуе, што ўвядзенне экалагічнага падатку стала "схаванай формай павышэння тарыфу на транзіт, якога Беларусь спрабуе дамагчыся не першы год".
Мяркуецца, што сітуацыя вакол "Захад-Транснафтапрадукту" будзе абмяркоўвацца падчас пасяджэння групы высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў сакавіку 2021 года.
"Захад-Транснафтапрадукт" — даччыная кампанія расійскай "Транснафты", якая ажыццяўляе транзітнае транспартаванне светлых нафтапрадуктаў ад расійскіх і беларускіх НПЗ на экспарт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.