Трэнер "Дынама": у распранальні бачна, што гульцы ставяцца да паразаў абыякава
Хакеісты мінскага "Дынама" абыякава ставяцца да паразаў. Пра гэта галоўны трэнер каманды Крэйг Вудкрафт заявіў пасля чарговай паразы клуба. 7 студзеня "зубры" ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ прайгралі "Куньлуню" — 1:5.
"Дакладна цяпер, мабыць, ёсць нейкая праблема ў распранальні, калі бачна, што гульцы адносяцца да паразаў абыякава. Такога быць не павінна. Ведаю, што такое перамога: як яна пахне і як здабываецца. Хачу вярнуць пераможную культуру ў распранальню "Дынама". Гэта сапраўды вельмі складана", — перадае прэс-служба мінскага хакейнага клуба словы галоўнага трэнера.
Вудкрафт прызнаўся, што ён таксама не бездакорны і робіць памылкі. І пасля паразы кожны з трэнераў клуба аналізуе гульні, каб зразумець, дзе былі дапушчаныя памылкі. "Калі мы перамагаем, гэта азначае, што гульцы выдатна выканалі задуму трэнерскага штабу, калі прайграем, то гэта агульная няўдача. Не толькі гульцоў, але і трэнерскага штабу", — дадаў ён.
Наконт магчымай замены трэнераў клуба Вудкрафт параіў звяртацца з гэтым пытаннем да дырэктара "Дынама" Дзмітрыя Баскава.
У гэтым сезоне мінскае "Дынама" абнавіла свой антырэкорд — 12 паразаў запар. У табліцы чэмпіянату КХЛ каманда знаходзіцца на самым апошнім месцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.