Тры гады калоніі далі былому кіроўцу РАУС за падзеі восені 2020 года

Міліцэйская "Лада" / intex-press​
Міліцэйская "Лада" / intex-press​

Жыхара Жлобіна, 51-гадовага Уладзіміра Жука, прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках. Такое рашэнне прыняў у пятніцу суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Жука затрымалі 26 траўня 2021 года за ўдзел у масавых беспарадках, 28 траўня ўзялі пад варту. Бок абвінавачвання гаварыў у судзе, што Жук быў арганізатарам і ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня: стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і аказваў супраціў.

Акрамя таго, ён таксама нібыта ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення.

Сам Жук не прызнаў віну. Ён прызнаў толькі тое, што знаходзіўся ва ўказаным месцы ва ўказаны час і стаяў у счэпцы. На пытанне, ці мог ён сысці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму "было сорамна як мужыку" — што людзі падумаюць пра яго, што ён спалохаўся і баязлівец.

Падчас затрымання мужчына пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў: яго завезлі ў бальніцу, каб апрацаваць атрыманыя раны. Сведка-лекар расказаў, што Уладзімір быў у шоку, што яго збілі былыя калегі.

Адвакат Жука прасіла суд прызнаць падабароннага невінаватым.

Бок абвінавачвання прасіў суд прызначыць Жуку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады. 27 жніўня суд прысудзіў яго да трох гадоў у калоніі агульнага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі