"Тры гады ў адзіночцы": як баец "Азова" чакае абмену ў данецкай калоніі
Ілюстрацыі: Тора
Зімой 2015 года баец “Азова” Яўген Чудняцоў трапіў у палон у самаабвешчанай ДНР. Пра яго лёс стала вядома з відэа, якое апублікавалі расійскія СМІ і рэсурсы сепаратыстаў. У мінулым годзе ў “ДНР” Чудняцова асудзілі на 30 гадоў калоніі строгага рэжыму. Працэс праходзіў па так званым кодэксе “ДНР”, які прадугледжвае смяротнае пакаранне, а на самым пачатку “пракурор” патрабаваў расстрэлу. Але пасля таго, як у працэс ўмяшаліся міжнародныя праваабаронцы, прысуд змянілі. 29 чэрвеня Яўгену споўнілася 27 гадоў, з іх тры апошнія гады ён правёў у палоне. “Грамадскае” распавядае гісторыю аднаго са 132 украінцаў, якія знаходзяцца ў палоне ў баевікоў.
“Божа, хоць нехта пра нас памятае”, — адказвае Ніна Чудняцова, калі мы тэлефануем, каб паразмаўляць пра ўнука. Ёй 75 гадоў. Яна не верыць, што паспее ўбачыць Яўгена на волі. Апошнія два гады ён правёў у адзіночнай камеры данецкага СІЗА, а нядаўна яго перавялі ў калонію ў Макееўцы. У Міжведамасным цэнтры па абмене палоннымі пры СБУ кажуць, што Чудняцоў — адзін з 53 украінцаў, знаходжанне якіх пацвярджаюць прадстаўнікі АРДЛА (Асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей), і адзін з першых у спісе на абмен. Але пакуль перамовы па абмене не прыносяць вынікаў. Яго вяртання чакаюць бабуля, малодшыя брат і сястра.
“Правы Данецк”
Яўген Чудняцоў нарадзіўся ў Макееўцы 29 чэрвеня 1990 года. З дзяцінства займаўся рознымі відамі спорту: ад змяшаных адзінаборстваў да самба. Шмат чытаў, цікавіўся палітыкай і эзатэрыкай, скандынаўскай міфалогіяй, рунамі. Мае татуіроўку на плячы “чорнае сонца”, якую яму зрабіў сябар Антон Дземідзёнак. Іх пазнаёмілі футбольныя фанаты.
Разам з Антонам Яўген быў часткай правага руху ў Данецку. “Мы ўсе збіраліся ля "Галавы" (месца сустрэчы ля Данецкага драматычнага тэатра). Раней можна было ў кожны момант без праблем скокнуць у машыну і прыехаць з Макееўкі па прамой у Данецк. Гэта быў родны горад. Мы абменьваліся літаратурай, музыкай, ідэямі. Ездзілі адзін да аднаго ў госці”.
Антон расказвае, што яшчэ ў 2005-м, падчас аранджавага Майдана, Яўген знаходзіўся ў адным асяроддзі з заснавальнікам арганізацыі “Данецкая рэспубліка” Андрэем Пургіным: “Жэня меў дачыненне да яго арганізацыі “Еўразійскі саюз моладзі”. Але гэта былі хлопцы, з якімі ён хадзіў у школу ці жыў у адным раёне, за кампанію, так бы мовіць”. Паводле яго слоў, калі ў 2007 годзе яны з Жэняй пазнаёміліся, ён быў ужо настроены па-праўкраінску.
З Макееўкі ў “Азоў”
АТА ў 2014-м для Чудняцова пачалася з таго, што ў суседні пад'езд яго дома прыляцеў снарад. Распавядае сябра: "Ён да апошняга сядзеў перад камп’ютарам, чытаў, рыхтаваўся да іспытаў. Наколькі мне вядома, у яго ўзнік канфлікт з ДНРаўцамі. Старыя "сябры" папярэдзілі яго: "За табой ужо выехалі і ў цябе засталося дваццаць хвілін". Яўген сабраў усё неабходнае і паехаў прама ў "Азоў", куды яго паклікаў знаёмы”. Блізкія Яўгена мяркуюць, што канфлікт мог быць звязаны з патрыятычнымі пастамі Яўгена ў сацыяльных сетках, якія ён публікаваў на сваёй старонцы Вконтакте незадоўга да ўцёкаў.
Сям'я Яўгена доўга не ведала, што ён пайшоў на фронт. Па словах сябра Аляксея Юкава, ён свядома не расказваў пра гэта, каб не нашкодзіць ім. Сам Яўген падкрэсліваў, што сям'я “вельмі негатыўна” паставілася да яго выбару. Але пасля ён усё ж распавёў маці пра тое, што ён у “Азове”.
“Да яго рэгулярна прыязджала мама, і ён заўсёды аддаваў ёй большую частку свайго заробку. Гэта мяне ў ім вельмі натхняла. У яе тады нічога не было, Макееўка на той момант была вельмі сумбурнай”, — распавядае сабрат Яўгена, баец “Азова” Арцём Шаўчэнка (імя змененае, — рэд.). Ён пазнаёміўся з Чудняцовым ў верасні 2014 года ў Марыупалі, на адной з баз. Хлопцы разам служылі ў АТА да канца Шырокінскай аперацыі.
“У апошні дзень мы варылі суп, пачаўся моцны абстрэл. Тады мы раз'ехаліся. Усё было вельмі хаатычна — “Азоў” ўперамешку з сепаратыстамі. Па БТРы, у якім ён ехаў, стрэліў варожы танк. Жэня і многія з яго палку атрымалі аскепкавыя раненні і кантузіі. Калі яго ўзялі, ён быў не ў стане абараняцца”, — распавядае Арцём.
“Прэс-канферэнцыя”
“У "Азоў" я трапіў добраахвотна, у сярэдзіне кастрычніка 2014-га”, — распавядаў Чудняцоў у палоне падчас “прэс-канферэнцыі”, што зладзілі для расійскіх СМІ. На ім сінякі, гематомы, зламаныя некалькі пярэдніх зубоў. “Мяне паклікаў мой сябар. Не буду распавядаць, якія былі абставіны, але яны былі такімі, што мне трэба было з'ехаць з Макееўкі”. З гэтага відэазапісу, а пазней і з інтэрв'ю расійскага журналіста Яўгена Паддубнага паплечнікі даведаліся, што Чудняцоў жывы. Цяпер сябра, які паклікаў Яўгена ў батальён, звольніўся з “Азова”, знаходжанне Чудняцова ў палоне ён не каментуе.
На відэа, апублікаваным расійскімі СМІ, паведамляецца, што Чудняцоў добраахвотна здаўся ў палон: “Апошнія дні я часта думаю, чаму. Можа, таму, што больш не хацеў ваяваць”.
Бабуля Яўгена кажа, што ў “Азове” яе запэўнілі: яго прымусілі так казаць, каб зберагчы жыццё: “Я думала, што не перажыву усяго гэтага”. Па словах Арцёма Шаўчэнкі, сабрата Чудняцова, яго пакінулі ў жывых, каб стварыць ажыятаж вакол самога факту затрымання байца “Азова”.
Без мамы
Чудняцову не аказалі першай медыцынскай дапамогі, і ў яго развіўся плеўрыт. Так ён апынуўся ў турэмным шпіталі. Сябар Антон Дземідзёнак распавядае, што потым Яўген разам з палоннымі “кібаргамі” размініравалі палі і прыбіралі целы загінулых у данецкім аэрапорце:
“Мы стэлефаноўваліся з жанчынай з Марыупаля, бацька якой сядзеў з Жэняй ў адной камеры. Пакуль з ёй быў кантакт, мы праз яе перадавалі перадачы, але цяпер такой магчымасці няма. У чалавека падтрымкі ніякай”.
Яшчэ да “прысуду”, калі Яўген быў у палоне, у яго маці дыягнаставалі цяжкае захворванне. Некалькі разоў яна ездзіла і прасіла спаткання з сынам, але ёй кожны раз адмаўлялі. Паўтара года таму яна памерла.
Прысуд за паўгадзіны
“Судовыя пасяджанні”, што тычыліся Яўгена Чудняцова, праходзілі тройчы. На яго завялі чатыры крымінальныя справы і асудзілі па двух артыкулах “Крымінальнага кодэкса ДНР”: праходжанне падрыхтоўкі ў экстрэмісцкай арганізацыі і звяржэнне канстытуцыйнага ладу. Чудняцова таксама хацелі абвінаваціць у катаваннях і здзеках з людзей, але не знайшлі ні сведак, ні пацярпелых, якія б гэта пацвердзілі.
“У яго не было адваката, на працэс не змаглі патрапіць ні яго сваякі, ні прадстаўнікі міжнародных маніторынгавых місій. Ні пра якое падабенства належнай судовай працэдуры тут казаць не выпадае", — каментуе сітуацыю галоўная даследчыца арганізацыі Human Rights Watch па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Таццяна Лакшына.
Сястры Алане Чудняцовой дазволілі прыехаць толькі на трэцяе пасяджэнне суда, але ёй прызначылі час, калі яно ўжо скончылася, — “прысуд” быў вынесены за паўгадзіны да яе прыезду.
“Я ўбачыла Жэню ўжо мімалётна, пасля паседжання, расплакалася... Яму надзелі кайданкі, і ён сышоў”, — распавядае сястра.
“Алана — трыццаць!” (прысуд — 30 гадоў) — паспеў крыкнуць сястры Яўген падчас канваіравання.
Адвакат Чудняцова на званкі не адказвае. Доўгі час сваякам адмаўлялі ў сустрэчах з Яўгенам. Толькі ў траўні гэтага года дазволілі бачыцца раз на месяц.
50 хвілін свабоды
“Кантактуем праз шкло, даюць гадзіну. Размаўляем ні пра што: пра сям'ю ў асноўным. Яму даюць магчымасць гуляць на даху турмы 50 хвілін у дзень. Ніхто да яго не прыходзіць, ён сядзіць у склепе, дзе адбываюць пажыццёвы тэрмін, а там няма сувязі”, — распавядае Алана Чудняцова.
Прадстаўнікі маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне паведамілі “Грамадскаму”, што яны не маюць доступу да ўкраінскіх палонных на тэрыторыі Данбаса.
Праваабаронца Аляксандра Матвійчук кажа, што патрапіць у “ДНР” ні да Яўгена, ні да іншых закладнікаў украінскія праваабаронцы не могуць: “Чырвоны крыж толькі ў мінулым годзе дапусцілі, каб яны наведалі зняволеных у АРДЛА. Толькі ў кастрычніку мінулага года прадстаўнік АБСЕ Тоні Фрыш упершыню наведаў палонных. Для нас, праваабаронцаў, гэта проста немагчыма”.
У мінулым годзе, падчас візіту ў самаабвешчаную “ДНР”, да Яўгена Чудняцова спрабавала патрапіць народны дэпутат Надзея Саўчанка. “Я пыталася, ці можна яго ўбачыць. Тады яго акурат павінны былі асудзіць, і мне не далі да яго доступу”.
Тады Саўчанка ўдалося наведаць ўжо “асуджаных” вайскоўцаў. “Адносна ўмоваў для хлопцаў, якіх я бачыла, а гэта пераважна спецназаўцы трэцяга Кіраваградскага палку, то турмы, у якіх яны знаходзяцца, асабліва не адрозніваюцца ад іншых, што ёсць ва Украіне. Вельмі старыя будынкі, грыбок, сухоты, клеткі — вядома, усё дрэнна”. Аднак, паводле слоў дэпутата, ва ўкраінскіх закладнікаў у “ДНР” няма базавых правоў чалавека і правоў зняволенага, у прыватнасці, яны не могуць атрымліваць перадачы і кантактаваць з роднымі: “Яны знаходзяцца ў ізаляцыйных умовах, такіх, як былі ў мяне ў Расіі”.
Будучы абмен
Экс-камандзір “Азова” Андрэй Бялецкі кажа, што факт прыналежнасці да палку істотна ўскладняе вызваленне Чудняцова. “Ён, наколькі вядома, пераведзены ў 32-ю калонію Макееўкі Данецкай вобласці. Яго трымаюць не разам з усімі ваеннапалоннымі, ён лічыцца здраднікам і гэтак далей, таму што для іх ён — "грамадзянін ДНР" і становішча яго значна горшае, як і становішча іншага палоннага азоўца "Севастопаля", які цяпер знаходзіцца ў Расіі”.
У офісе Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека запэўніваюць: пытанне абмену ўпершыню за восем месяцаў ссунуўся з мёртвай кропкі.
“У сераду, 21 чэрвеня, на мінскай сустрэчы быў прыняты механізм верыфікацыі, і, я спадзяюся, такім чынам разблакаваны працэс абмену”, — кажа прадстаўнік Упаўнаважанага ВРУ па правах чалавека Міхаіл Чаплыга.
Саўчанка, у сваю чаргу, мяркуе, што наступны абмен можа адбыцца прыкладна пасля 5 ліпеня: “Спадзяюся, што Яўгена можна будзе забраць, таму што ён ужо асуджаны. А палітыка на акупаваных тэрыторыях такая, як і ў Расіі, — да прысуду яны людзей не вяртаюць”.
Усяго ў спісах на абмен цяпер знаходзяцца 132 украінскія закладнікі.