Тры месяцы правёў у адзіночцы — лідар АГП пра сваё зняволенне

Мікалай Казлоў / фота Аксана Крышчановіч
Мікалай Казлоў / фота Аксана Крышчановіч

Тры месяцы арышту лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў правёў у адзіночнай камеры. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю "Народнай волі".

"Быў абсалютна адзін, без навін, ізаляваны ад знешняга свету. І, паверце, калі ты прамаўляеш ўсяго дзясятак слоў за некалькі дзён, то ў гэтым ёсць свае складанасці. Часам, каб не страціць моўныя навыкі, нават чытаў кнігі ўслых", — расказаў ён.

Сітуацыя пагаршалася тым, што ў камеры пастаянна працавала радыё — з шасці раніцы да дзесяці вечара. Адключыць яго было немагчыма.

"Гэта вельмі ціснула на псіхіку, і я нават неяк спытаў ахоўнікаў: "можа, вы тут, у СІЗА, псіхалагічны эксперымент праводзіце: паедзе дах у чалавека ад радыё ці не?" — успамінае Мікалай Казлоў.

Яго гэтак жа, як і іншых палітвязняў, паставілі на ўлік як "схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Патлумачылі гэта тым, што раней яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Лісты даходзілі толькі ад родных, хоць, перакананы Казлоў, яму пісала больш людзей.

"Элементарна не аддавалі. Разводзілі рукамі і казалі: "для вас нічога няма". Хоць я дакладна ведаю, што мне пісала шмат людзей. Невядома, куды зніклі гэтыя лісты, але пры вызваленні мне іх таксама не аддалі", — расказвае лідар АГП.

Акрамя таго, за час зняволення ў яго прыкметна пагоршыўся зрок.

На пытанне пра далейшыя планы лідар АГП сказаў, што з'язджаць з краіны ён не плануе. Хоча крыху агледзецца і далей змагацца за лепшае жыццё. "Мы жывыя, існуем і маем намер далей займацца палітычнай дзейнасцю. Так, часы няпростыя, але гэта не нагода апускаць рукі і разыходзіцца. Гэта, наадварот, падстава мабілізавацца", — сказаў Мікалай Казлоў.

Лідара АГП асудзілі на тры месяцы арышту за разгалашэнне дадзеных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнага савета — такім чынам следства і суд кваліфікавалі яго адмову даваць падпіску аб неразгалошванні на допытах у Следчым камітэт. Пра яго вызваленне стала вядома ў канцы мінулага тыдня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі