Турмы вярнулі Змітру Дашкевічу Евангеллі, дасланыя вязням
Жодзінская турма і СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску вярнулі Змітру Дашкевічу лісты з Евангеллямі, дасланыя палітвязням. Пра гэта грамадскі актывіст напісаў у Фэйсбуку.
"Пасля апошняга арышту забраў я з пошты два мяхі лістоў палітвязням, якія адміністрацыя турмы ў Жодзіна не прапусціла. Перад тым мех лістоў вярнула вязніца на Валадарцы. Што ж за злачынства там такое было ўкладзена? Злачынства для акупацыйнай адміністрацыі страшнае: паштоўкі з Раством і Новы Запавет. /.../ Па праўдзе сказаць, у такой роспачы я, гледзячы на гэтыя мяхі Новых Запаветаў і паштовак, што нават ня ведаю, як з гэтым змагацца далей. Хіба што пакіну для будучага музея 26-гадовай акупацыі гэтыя лісты, на якія нашчадкі будуць глядзець і дзівіцца маштабу бязмежжа — забараніць Евангелле нават нацысцкая акупацыя не патрапіла. Хоць камуністычная і лукашэнкаўская неакамуністычная з гэтым спраўляліся і спраўляюцца добра", — піша Дашкевіч.
У сувязі з гэтым актывіст выказвае здзіўленне, што на УНС прысутнічалі кіраўнікі як Праваслаўнай царквы, так і Каталіцкага касцёла. Дашкевіч крытыкуе паводзіны царкоўных іерархаў.
"Ладна праваслаўная царква — яна даўно і надзейна на службе пасінеўшага Ірада. Але ж Касцёл, кіраўнікамі якога мы так захапляліся апошнія паўгады, як ён апынуўся на радзе бязбожных? У час, калі сотні палітвязняў стогнуць у турмах, тысячы сваякоў стогнуць без нявінна арыштаваных татаў і матуляў, сыноў і дачок — царкоўныя кіраўнікі ганарова засядаюць на VI з'ездзе акупацыйнай адміністрацыі. Чаму так з імі адбываецца, правільна напісаў неяк атэіст (які па сутнасці больш веруючы за многіх кіраўнікоў цэркваў) Стась Карпаў: справа ў тым, што яны Лукашэнку баяцца больш, чым Бога", — абураецца Дашкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.