У Адэсе затрымалі экстрэмістаў, якія рыхтавалі правакацыю на 9 траўня
Лідар злачыннай групоўкі “Бор”, 35-гадовы жыхар Адэсы, распрацаваў дапаможнік “План перахопу ўлады” і размясціў яго ў інтэрнэце.
У дапаможніку былі канкрэтныя рэкамендацыі ўзброенага супраціву дзеючай уладзе. Як высветліла Служба бяспекі Украіны, удзельнікі экстрэмісцкай групоўкі дзейнічалі фактычна па замове расійскіх тэлеканалаў і хацелі ствараць патрэбную журналістам “карцінку”.
Зламыснікі планавалі зладзіць у Адэсе правакацыі на 9 траўня. Яны мелі на мэце “цынічна тэрарызаваць” ветэранаў і потым абвінаваціць у гэтым праўкраінскія сілы.
У часе затрымання ўдзельнікаў злачыннай групоўкі спецслужбы канфіскавалі ў іх агнястрэльную зброю з патронамі, рэшткі запальнай сумесі і сродкі відэаздымкі, на якіх зламыснікі фіксавалі свае незаконныя дзеянні, паведамляе УНІАН.