У аграгарадку пад Астраўцом сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Літвы
У панядзелак у аграгарадку Рымдзюны пад Астраўцом сустракаюцца міністры замежных спраў Беларусі і Літвы Уладзімір Макей і Лінас Лінкявічус. Літоўскі міністр прыехаў у нашу краіну на аўтамабілі. Як паведамляе БЕЛТА, Рымдзюны былі абраны для сустрэчы невыпадкова — гэты аграгарадок лічаць узорным прыкладам добрасуседства беларусаў і этнічных літоўцаў.
"Прыезд міністра замежных спраў Літвы і наша сустрэча — гэта яскравае сведчанне таго, што дзяржавы імкнуцца жыць у добрасуседстве", — цытуе словы Макея БЕЛТА. Пры гэтым беларускі міністр прызнае, што "бываюць палітычныя рознагалоссі". Па словах літоўскага міністра, палітычныя рознагалоссі — "не праблема", пра яе трэба гаварыць адкрыта, "як і варта рабіць суседзям".
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы будзе знаходзіцца ў Беларусі да 5 лютага. Ужо ў аўторак перамовы пройдуць у Мінску. Лінас Лінкявічус сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам.
Напярэдадні прыезду ў Беларусь Лінкявічус напісаў у Twitter, што з нецярпеннем чакае гэтага візіту і важных сустрэч. Пры гэтым ён прыгадаў Кастуся Каліноўскага, кіраўніка вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, яго назваў "агульным героем" беларусаў і літоўцаў. Ідэалы, за якія змагаўся Каліноўскі, актуальныя і сёння, падкрэсліў літоўскі міністр замежных спраў.
Лінкявічус таксама заявіў, што ЗША вітаюць больш актыўны дыялог Літвы з Беларуссю.
As I’m looking forward to tomorrow’s visit & important meetings in #Belarus, I recall our common hero Kastuś Kalinoŭski, one of the leaders of 1863-64 #JanuaryUprising, who was born #OTD.
— Linas Linkevicius (@LinkeviciusL) February 2, 2020
The ideals of freedom & pledge ‘for your freedom & ours’ is very much relevant to this day. pic.twitter.com/vIbFNCugCH
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.