У арганізме акул, злоўленых каля берагоў Бразіліі, знойдзены какаін
Навукоўцы збіраюцца працягваць даследаванні
У арганізме акул, злоўленых каля берагоў Бразіліі, выяўленыя сляды какаіну, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Навукоўцы правялі біяхімічны аналіз 13 асобін. У цягліцах і печані ўсіх іх выявілася высокае ўтрыманне наркотыка. Яго сляды ў арганізмах марскіх насельнікаў выяўлялі і раней, аднак на гэты раз канцэнтрацыя какаіну апынулася амаль у 100 разоў вышэй за ранейшыя паказчыкі.
Эксперты мяркуюць, што ў акіян какаін трапляе з каналізацыі: альбо з падпольных лабараторый, дзе яго вырабляюць, альбо наўпрост з экскрыментамі спажыўцоў наркотыку. Малаверагодная версія, што крыніцай могуць быць і пакункі з какаінам, страчаныя або скінутыя кантрабандыстамі ў моры.
Эксперты адзначаюць, што ўсе самкі акул, злоўленыя для даследавання, былі цяжарныя. Якія наступствы можа мець для іх наркотык, невядома. Далейшыя даследаванні неабходныя і для таго, каб высветліць, ці аказвае какаін якое-небудзь ўздзеянне на паводзіны акул або іх псіхіку.
Папярэднія даследаванні сведчаць пра тое, што звычайна наркотыкі аказваюць на жывёл такое ж ўздзеянне, як і на людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.