У Баранавічах мужчына збіў брыгаду хуткай дапамогі
"Хуткія" ў Баранавічах (ілюстрацыйнае фота)
У Баранавічах 32-гадовы мужчына збіў брыгаду хуткай меддапамогі. Яна прыехала на выклік да яго маці, піша "Наш край".
Спачатку хуліган ударыў кулаком у грудзі лекара "хуткай". Калі фельчар і санітар той жа брыгады паспрабавалі заступіцца за яе, мужчына напаў і на іх. Фельчар атрымаў удар у твар, а санітар — у плячо.
Зламысніка ўзялі пад варту, па факце хуліганства распачатая крымінальная справа. Пра прычыну яго агрэсіі не паведамляецца. Раней ён ужо меў праблемы з законам.
Напады на лекараў "хуткай" у Беларусі нярэдкія. Летась у Мінску на "хатнюю хімію" асудзілі 36-гадовага хулігана, які збіваў брыгаду рукамі і нагамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.