У Беларусь зноў прывезлі дзяцей з акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны
Дзеці з Украіны ў Мінску, 18 верасня 2023-га
У Беларусь прывезлі "на адпачынак" яшчэ 48 дзяцей з акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны (напрыклад, з Лісічанска). Як і ў мінулы раз, арганізацыяй займаецца фонд Аляксея Талая. Да незаконнага вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый ужо прыцягнутыя і ўніверсітэты. Паведамляецца, што іх сустракалі "добраахвотнікі з гістарычнага факультэта БДПУ". Дзяцей павязуць на тры тыдні ў Новаполацк. "Для дзяцей падрыхтавана маштабная праграма кіраўніцтвам горада і ўсімі зацікаўленымі асобамі", — сведчыць Талай. Суправаджаюць хлопчыкаў і дзяўчынак з акупаваных тэрыторый амапаўцы.
У сакавіку 2023-га Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У такой сітуацыі Міжнародны крымінальны суд заклікаюць разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Лукашэнкі.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі апраўдваецца за вываз украінскіх дзяцей і адначасова працягвае іх прывозіць. Лукашэнка вельмі нервова каментуе весткі пра спробы адправіць яго ў Гаагу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.