У Беларусі больш за 16 тысяч самазанятых грамадзян

У Беларусі больш за 16 тысяч самазанятых грамадзян

У Беларусі расце колькасць самазанятага насельніцтва. Падчас онлайн-прэс-канферэнцыі на сайце БЕЛТА міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка заявіў, што за першыя пяць месяцаў 2018 года колькасць самазанятых беларусаў павялічылася на пяць тысяч у параўнанні з мінулым годам. Цяпер іх больш за 16 тысяч. 


Быць "самазанятым" стала магчыма дзякуючы ўказу №337: каб аказваць паслугі ў трыццаці відах дзейнасці цяпер не трэба рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Да таго, як пачаць сваю справу — напрыклад, шыць адзенне ці рабіць рамонт у кватэрах —  чалавеку трэба заплаціць адзіны падатак. 


"Так, там не такія вялікія паступленні ў бюджэт, калі казаць пра лічбы — крыху больш за Br1 млн. У маштабах краіны гэта невялікія грошы, але гэтыя людзі робяць першыя крокі ў бізнэсе, і некаторыя з іх, перакананы, вырастуць у буйныя суб'екты гаспадарання, сур'ёзных падаткаплацельшчыкаў. Самае галоўнае — знікае боязь займацца бізнесам, таму што гэта проста і зразумела", — сказаў міністр.


Па словах Налівайкі, да канца года самазанятыя грамадзяне атрымаюць магчымасць звязвацца з падатковымі органамі і паведамляць пра пачатак сваёй дзейнасці онлайн. 


"Мы будзем працягваць прасоўваць стратэгію, накіраваную на тое, каб узаемадзеянне з падатковымі органамі было аддаленым, каб не было практычна ніякай неабходнасці наведваць падатковыя органы", — падкрэсліў Налівайка.


Указ №337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб" быў прыняты ў 2017 годзе для стымулявання занятасці насельніцтва і спрашчэння ўмоў ажыццяўлення дзейнасці фізічнымі асобамі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі