У Беларусі меней за ўсіх зарабляюць супрацоўнікі салонаў прыгажосці
Сярэдні заробак беларусаў у красавіку склаў 1074 рубля. Гаворка ідзе пра налічаныя сумы да выплаты падаткаў, то бок “брудныя”. А вось “чыстымі” сярэднестатыстычны беларус атрымлівае 924 рубля, паведамляе TUT.by спасылкай на афіцыйную статыстыку.
Болей за ўсіх у красавіку зараблялі спецыялісты ў сферы інфармацыйных тэхналогій — у сярэднім 4881 рубель, што на 393 рублі меней, чым у сакавіку. Высокія заробкі захоўваюцца ў работнікаў пасажырскага паветранага транспарту і дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслугаў і страхавання — 2495 рублёў.
Сярэдні заробак па краіне маюць работнікі аптовага і рознічнага гандлю аўтамабілямі і матацыкламі — 1000 рублёў, у арганізацыях па іх рамонце зарабляюць 1570 рублёў. Болей за 1000 рублёў атрымліваюць у галіне тэхнічных навук, архітэктуры, у сферы грузавога чыгуначнага транспарту, а таксама ў будаўніцтве і ў прамысловасці.
Найніжэйшыя заробкі ў супрацоўнікаў цырульняў і салонаў прыгажосці — 555 рублёў, работнікаў культуры — 576 рублёў, сацыяльных работнікаў — 578 рублёў. У ахове здароўя ў красавіку ў сярэднім зараблялі 810 рублёў, у адукацыі — 729 рублёў, у сельскай і рыбнай гаспадарцы — 760 рублёў.