У Беларусі могуць вярнуць транслітарацыю вуліц з рускай мовы
Назвы метро на беларускай лацінцы / adukar.com
Вынікі комплекснай праверкі Інстытута гісторыі Акадэміі навук разглядаюцца на Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА.
Па словах кіраўніка Адміністрацыі Ігара Сергеенкі, плануецца разгледзець, як задзейнічаны навуковы патэнцыял, як рыхтуюцца кадры вышэйшай кваліфікацыі ў Інстытуце гісторыі.
Таксама будзе разглядацца лацінская транслітарацыя назваў вуліц, гарадоў і іншых населеных пунктаў у Беларусі. Цяпер яны перадаюцца лацінкай з беларускага арыгіналу. Па словах Сергеенкі, будзе разглядацца выкарыстанне рускай мовы. "Цяпер паступаюць звароты грамадзян па гэтым пытанні, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце", — заявіў чыноўнік.
Дарэчы, у 2007-м годзе Міжнародны камітэт ААН зацвердзіў беларускую лацінку для афіцыйнага ўжытку ў тапаніміцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.