У Беларусі нядаўна з'явіўся новы вытворца цыгарэт
Кантрабандныя цыгарэты з Беларусі, затрыманыя ў Літве (ілюстрацыйнае фота)
У Беларусі нядаўна з'явіўся новы вытворца цыгарэт. Гэта кампанія "Сентоні ПРА", якая звязаная з "кашалькамі" Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе "Бюро".
Новы вытворца з'явіўся ў снежні 2023 года. Афіцыйна кампаніяй валодаюць Сяргей Карповіч і ТАА "Буд-АнДзi". Карповіч — гэта супрацоўнік "Тытунь-Інвеста" Паўла Тапузідзіса. Раней ён ужо быў саўладальнікам іншых звязаных з гэтым бізнесменам кампаній. Што да кампаніі "Буд-АнДзi", то яна належыць Андрэю Піскарову. Ён пачынаў кар'еру ў МЗС, працаваў на буйнога бізнесмена Юрыя Чыжа, а пасля быў бізнес-партнёрам Сяргея Чыжа (сына Юрыя Чыжа) і Дзмітрыя Алексіна (сына іншага ўплывовага бізнесмена Аляксея Алексіна, які трапіў пад заходнія санкцыі як "кашалёк" Лукашэнкі). У канцы мінулага года Піскароў згадваўся ў расследаванні пра пастаўкі падчас санкцый люксавых аўтамабіляў з Еўропы ў Расію праз Беларусь.
У Беларусі да нядаўняга часу выраблялі цыгарэты "Нёман" — лідар рынку, а таксама "Тытунь-інвест" Паўла Тапузідзіса і "Інтэр Табакка" Аляксея Алексіна. Вядома, што Алексін разлічваўся з Лукашэнкам за "асаблівыя ўмовы" працы на беларускім рынку дарагімі аўтамабілямі.
Ва ўмовах заходніх санкцый цыгарэты з Беларусі працягваюць кантрабандай пастаўляцца ў ЕС. У Літве і Польшчы рэгулярна затрымліваюць іх партыі на мільёны долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.