У Беларусі пасля затрыманняў на мяжы судзілі 36 чалавек
Праверка дакументаў / Ілюстрацыйнае фота sb.by
У чэрвені ў Беларусі былі, як мінімум, 560 выпадкаў затрыманняў — прыкладна па 18 чалавек кожны дзень. Суддзямі было прызначана не менш за 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф, пішуць праваабаронцы.
У мінулым месяцы значна павялічылася колькасць затрыманых пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы. Не менш за 36 чалавек было асуджана за "экстрэмісцкія" падпіскі і рэпосты ў памежных раёнах: у Воранава, Астраўцы, Ашмянах, Браславе, Лёзне, Гарадку, Дуброўне і Брэсце.
У Астраўцы цягам мінулага месяца асудзілі чатырох мужчын — іх затрымалі ў пункце пропуску "Лоша", абвінавацілі ў падпісках у тэлеграме на "экстрэмісцкія" каналы. Суд Астравецкага раёна аштрафаў трох чалавек на 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а студэнта — на 30 базавых велічыняў (1110 рублёў).
У чэрвені праваабаронцы паведамлялі, што калі спачатку затрыманні адбываліся адразу на мяжы, то ў далейшым сілавікі выкарысталі новую тактыку: адпускалі людзей, але прыходзілі з ператрусам да іх на наступны дзень па месцы жыхарства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.