У Беларусі прайшлі затрыманні арганізатараў "дамоўных матчаў"
У Беларусі прайшлі затрыманні арганізатараў "дамоўных матчаў". Як інфармуе прэс-служба МУС, 5 студзеня супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі ў Магілёве і Мінску ўдзельнікаў міжнароднай злачыннай групы. Па звестках міліцыі, гэтыя людзі працяглы час займаліся арганізацыяй і правядзеннем "дамоўных" гульняў "у розных гульнявых камандных відах спорту" (па звестках газеты "Прессбол", у футболе і валейболе). Незаконны прыбытак яны атрымлівалі з букмекерскіх кантор краін заходняй Еўропы і Азіі.
Крымінальныя справы распачатыя па артыкулах "махлярства" і "подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартыўных спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў". Пад вартай знаходзяцца трое падазраваных. Прэс-служба Следчага камітэта інфармуе ў Telegram, што эта былыя прафесійныя спартсмены.
МУС высвятляе асобы ўсіх удзельнікаў злачынных схемаў і прапануе ім самім "добраахвотна і ініцыятыўна" звяртацца да правахоўнікаў.
Папярэдні раз пра выкрыццё злачыннай схемы "дамоўных" матчаў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі заявіла ў ліпені 2016 года. У кастрычніку 2017-га былі асуджаныя 15 чалавек. Яны атрымалі альбо абмежаванне волі, альбо штрафы. Летась Беларуская федэрацыя футбола пажыццёва дыскваліфікавала гэтых людзей.