У Беларусі скарацілі пералік АЗС, дазволеных для фур з краін ЕС
Еўраперавозчыкам скарацілі спіс дазволеных заправак / pexels.com
Урад Беларусі абнавіў пералік АЗС, дзе могуць запраўляцца грузавікі з краін ЕС, якія заязджаюць у нашу краіну для перагрузкі і перачэпкі. Адпаведная пастанова Саўміна з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Са спісу выключылі некаторыя АЗС, першапачаткова прызначаныя для абслугоўвання цягачоў з еўрапейскімі нумарамі. Гэта пераважна запраўкі кампаній "Лукойл" і "Газпрамнафта-Белнафтапрадукт".
Цяпер грузавікі, якія трапілі ў Беларусь праз пункт пропуску "Казловічы" на беларуска-польскай мяжы, змогуць запраўляцца на дзвюх АЗС "Беларуснафты" ў Брэсце. Для фураў з пункту пропуску "Прывалка" на беларуска-літоўскай мяжы дзейнічаюць дзве запраўкі "Беларуснафты" ў Гродне і на дарозе М6. Фуры з Беняконяў змогуць заправіцца толькі на АЗС "Лукойла" ў вёсцы Бастуны. А для пункту пропуску "Відзы" дзейнічаюць АЗС "Беларуснафты" ў Наваполацку і АЗС "Татбелнафтапрадукту" ў вёсцы Крукі.
Ад красавіка 2022 года Беларусь увяла контрсанкцыі супраць аўтаперавозчыкаў з Еўрасаюза. Аўтаперавозчыкам цяпер дазволена ўязджаць у нашу краіну толькі для дастаўкі грузаў у спецыяльныя транспартна-лагістычныя цэнтры. Адтуль груз могуць дастаўляць беларускія перавозчыкі.
Пры гэтым для еўрапейскіх фураў вызначылі канкрэтныя пункты пропуску. На тэрыторыі Беларусі вызначаны спіс АЗС, дзе яны могуць запраўляцца спецыяльным відам дызпаліва ДТ-Л-К5 ECO. Пры гэтым цана на паліва на гэтых запраўках вышэйшая, чым на іншых. Запраўка на іншых АЗС для фураў з еўрапейскімі нумарамі не прадугледжаная.
Як паведамлялася, канцэрн "Белнафтахім" разаслаў аператарам звычайных АЗС інструкцыю. Іх абавязваюць адсочваць нумары фур, якія там запраўляюцца, і паведамляць, калі гэта будзе грузавік з нумарамі ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.