У Беларусі з 2025-га перастануць прызнаваць дыпломы, выдадзеныя ў ЕЗ і ЗША?
Адукацыя, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі з 2025 года могуць перастаць прызнаваць замежныя дыпломы з краін Еўрасаюза і ЗША. Адпаведны дакумент "для службовага карыстання" падпісаў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Дакумент з’явіўся ў тэлеграм-канале "Реальная Беларусь".
Гэтая мера тлумачыцца "папулярызацыяй айчыннай адукацыі". Паведамляецца, што рэжым Лукашэнкі плануе перастаць прызнаваць дыпломы замежных навучальных установаў з несяброўскіх краін незалежна ад года заканчэння ўстановы. У пераліку пазначаныя Польшча, Літва, Латвія, Германія, Англія, Італія, ЗША ды інш.
Пад забарону не трапяць краіны СНД і АДКБ, а таксама Кітай.
Пры гэтым адзначаецца, што ўладальнікам замежных дыпломаў неабходна перашкаджаць уладкоўвацца на працу "ў беларускія арганізацыі і ўстановы ўсіх формаў уласнасці".
Журналісты тэлеграм-канала адмаўляюцца раскрыць крыніцы сваёй інфармацыі, таму немагчыма дакладна сказаць, ці сапраўдны гэты дакумент. Варта адзначыць, што такая мера можа "пазбавіць" вышэйшай адукацыі вялізную колькасць беларусаў.
Дарэчы, з кастрычніка 2023-га рэжым Лукашэнкі не прызнае ўкраінскія дыпломы і навуковыя ступені. Увосень 2022-га афіцыйны Мінск разарваў пагадненне з Польшчай аб прызнанні раўназначнасці вышэйшай адукацыі і навуковых ступеняў у навуцы і мастацтве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.