Беларускую прыватную ВНУ купілі кітайцы
Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва
Грамадзяне Кітая сталі ўладальнікамі Міжнароднага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва (МІКП). Як даведаліся журналісты "Зеркала", гэтая прыватная ВНУ змяніла ўласніка ў снежні 2023 года.
Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва адчыніся ў 1993 годзе. Раней ён называўся "Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва". Сярод заснавальнікаў лічылася кампанія "Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці", куды ўваходзілі 23 чалавекі — усе грамадзяне Беларусі. Да 2022 года іх спіс скараціўся да 12 чалавек.
У кастрычніку 2022 года заснавальнікі прадалі кампанію грамадзяніну Кітая Пэнь Ланю. А ў снежні 2023-га ўласнікі зноў змяніліся — імі сталі кітайцы Хэ Дань і Ван Бо. Кожнаму з іх належыць па 50% бізнесу. Дырэктарам арганізацыі-заснавальніка таксама стаў кітаец — Хань Вэньюань.
З'явіліся кітайцы і ў кіраўніцтве ВНУ. Напрыклад, прарэктарам па вучэбнай рабоце стаў Чжан Пэнфэй. Рэктара ў інстытуце цяпер няма. Да 2023 года гэтую пасаду займаў кандыдат эканамічных навук Мікалай Сіняк.
За мінулы год, як адзначаецца ў справаздачы МІКП, чысты прыбытак інстытута склаў 5,593 мільёна рублёў. Для параўнання: 2022 год прынёс страты — 109 тысяч рублёў.
Кошт навучання ў 2023/2024 навучальным годзе для беларускіх студэнтаў-вочнікаў складае 4000 рублёў (1800 рублёў для завочнікаў). Замежнікам, якія навучаюцца па-руску, давядзецца заплаціць 1800 долараў (ці 5751 рубель, тут і далей курс Нацбанка на 26 чэрвеня), а для тых, хто хоча навучацца па-англійску, цана пытання складае 2800 долараў (8947 рублёў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.