У Беларусі зацвердзілі Знак якасці – змалявалі з аналагічнага знака часоў СССР
Знак якасці СССР
У Беларусі заснавалі дзяржаўны знак якасці. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Яго прэс-служба публікуе малюнак і апісанне знака: “Ён уяўляе сабой пяцікутнік чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчана стылізаваная выява перавернутай літары "К" і надпіс "Беларусь".
Пры гэтым відавочна, што знак уяўляе сабой адкрытае запазычанне аналагічнага савецкага знака. Змяніліся толькі колер (савецкі быў чорным, беларускі зрабілі чырвоным) і надпіс унутры (замест СССР — Беларусь).
У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі гаворыцца, што пяць кутоў знака "сімвалізуюць якасць беларускай прадукцыі, якая дасягаецца спалучэннем пяці паказчыкаў вытворчасці: бяспекі, экалагічнасці, інавацыйнасці, тэхналагічнасці і эстэтычнасці".
У савецкай версіі пяць кутоў асацыяваліся з пяціканцовай зоркай (адным з геральдычных сімвалаў СССР) і наступнымі якасцямі: надзейнасцю, даступнасцю, бяспекай, эстэтычнасцю і наватарствам. У СССР гэты знак быў уведзены ў 1967 годзе і праіснаваў ажно да развалу Савецкага Саюза. Яго прыдумалі для "павышэння якасці і эфектыўнасці грамадскай вытворчасці". Знак надавалі на на два-тры гады, а затым тавары павінны былі праходзіць пераатэстацыю.
Каму і як будуць надаваць беларускі знак якасці, а таксама "спіс стымулюючых ільгот і прэферэнцый, якія прадстаўляюцца вытворцам" яшчэ павінен вызначыць урад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.