У Беларусі засталіся 2,5 тысячы расійскіх вайскоўцаў — ДПСУ
Расійскі вайсковец / прэс-служба Мінабароны Расіі
Украінскі бок не бачыць на беларускай тэрыторыі дастатковай колькасьці расійскіх войскаў для паўторнага наступу, кажа спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка. Па яго словах, Расія выводзіць з тэрыторыі Беларусі свае войскі.
"Паводле нашых звестак, на тэрыторыі суседняй краіны знаходзяцца каля 2,5 тысячы вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі, якія, як правіла, залучаныя да падрыхтоўкі і навучання, знаходзяцца на палігонах Беларусі", — перадае словы Дземчанкі Радыё "Свабода".
Прадстаўнік ДПСУ кажа, што цяпер колькасць расійскіх войскаў у Беларусі значна меншая, чым некалькі месяцаў таму. У пэўны час у Беларусі было 10-11 тысяч расійскіх вайскоўцаў. "Але, як правіла, тыя падраздзелы, якія праходзілі падрыхтоўку, Расія выводзіла на сваю тэрыторыю, каб папоўніць свае сілы на ўсходзе нашай краіны, дзе вядуцца поўнамаштабныя баявыя дзеянні. Цяпер мы бачым, што больш выводзяць падраздзелаў з Беларусі, але іхнай замены практычна не адбываецца", — тлумачыць Дземчанка.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расійскую агрэсію супраць Украіны. У лютым 2022-га тэрыторыя нашай краіны стала адным з плацдармаў, з якога вёўся расійскі наступ на Украіну. Таксама з тэрыторыі Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.