У Беластоку прадпрымальнікі патрабавалі ад дыпламатаў візаў для беларусаў
Размова пра візавую палітыку Польшчы прайшла ў гандлёва-прамысловай палаце гэтага горада.
Прадпрымальнікі, дыпламаты і прадстаўнікі ўладаў горада дыскутавалі пра паляпшэнне эканамічных адносін і павелічэння таваразвароту з Беларуссю.
Мясцовыя прадпрымальнікі запатрабавалі ад консула Польшчы ў Гродне Анджэя Хадкевіча зрабіць нешта, каб перасячэнне беларуска-польскай мяжы перастала “быць трагедыяй”. Маўляў зараз беларускія бізнесмэны з большай ахвотай атрымоўваюць візу ў літоўскім консульстве ў Гродне, чым у польскім. На думку прадпрымальнікаў, у выпадку калі б мяжа з Беларуссю была адкрытая, штодня ў беластоцкія банкі траплялі б 5-8 мільёнаў “беларускіх” долараў.
У сваю чаргу польскі консул адзначыў, што выдаваць больш візаў польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі проста не могуць фізічна. Супраць павелічэння дыпламатычнага прадстаўніцтва ў сваю чаргу выступае беларускі бок, паведамляюць польскія СМІ.