У Беразіно АМАП затрымаў Паўла Вінаградава
22 снежня ў Беразіно АМАП затрымаў Паўла Вінаградава. Пра гэта напісала яго жонка Святлана ў Facebook. "Рукі за спінаю звязаныя, вынеслі замок у брамцы", — адзначае яна. Па даных Святланы Вінаградавай, Павел — падазраваны па крымінальнай справе, распачатай па двух артыкулах: "абраза прэзідэнта" і "распальванне варожасці".
Павел Вінаградаў — блогер, актыўны ўдзельнік дэмакратычнага руху, шматлікіх вулічных акцый, яго неаднаразова затрымлівалі. У 2008-м ён быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. У 2011-м быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, на гэты раз за ўдзел у "масавых беспарадках", быў прызнаны палітвязнем. Восенню таго ж года Вінаградава памілавалі і вызвалілі, ён знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам.
У далейшым Паўла Вінаградава шмат разоў затрымлівалі па надуманых прычынах. У выніку ў канцы 2014 года ён з'ехаў з Мінска да бацькі ў Беразіно.
5 ліпеня 2021-га Вінаградава затрымалі і асудзілі на 15 сутак нібыта за "парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў". Да іх дадалі яшчэ 30 сутак. У пачатку жніўня стала вядома, што ў дачыненні актывіста распачалі крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Тым не менш яго вызвалілі. А цяпер вырашылі зноў адправіць за краты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.