У Брэсце п'яная дзяўчына выбіла шкло ў аўтамабілі ДАІ
У Брэсце п'яная дзяўчына выбіла шкло ў аўтамабілі ДАІ. Пасля таго, як яе затрымалі за язду на падпітку, яна паспрабавала збегчы.
Як паведамляе прэс-служба ДАІ Брэсцкай вобласці, інцыдэнт адбыўся ў горадзе над Бугам рана раніцай 6 лютага. Каля паловы на пятую на вуліцы Піянерскай увагу супрацоўнікаў ДАІ прыцягнуў аўтамабіль "Фольксваген Пола". Кіроўца неадэкватна сябе паводзіў — "віхляў" па дарозе з боку ў бок. Потым машына раптам спынілася на прыпынку грамадскага транспарту "Кіеўская". Інспектары паспяшаліся да аўтамабіля, дзе ўбачылі за рулём маладую дзяўчыну, ад якой пахла алкаголем.
Прад'яўляць пасведчанне кіроўцы і дакументы на аўтамабіль дзяўчына катэгарычна адмовілася, сказаўшы, што машыну "ўзяла пакатацца ў маладога чалавека". Выявілася, што "Пола" належыць аднаму з брэсцкі прадпрыемстваў. Гаспадар у гэты час быў "недаступны".
Дзяўчына паводзіла сябе агрэсіўна, а пасля таго як яе пасадзілі на задняе сядзенне патрульнага аўтамабіля, яна вырашыла збегчы, выбіўшы нагамі шкло. Аднак ўцёкі не ўдаліся. Пасля выкліку следча-аператыўнай групы, дзяўчыну даставілі ў наркалогію, дзе ў яе выявілі 0,87 праміле алкаголю.
Як высветлілася, "хуліганка" — 22-гадовая жыхарка Маларыцкага раёна, якая ніколі не мела пасведчання кіроўцы. Начное падарожжа для яе скончылася ў Маскоўскім РАУС. У дачыненні дзяўчыны былі складзеныя адразу 3 адміністрацыйныя пратаколы — за п'яную язду, знаходжанне за рулём без права кіравання і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобе.
Аўтамабіль быў пастаўлены на штрафную стаянку.