Экс-кіраўніка наваполацкай міліцыі асудзілі на 2,5 года "хіміі"
Уладзімір Дуброўскі
Суд Расонскага раёна прысудзіў 2,5 года "хіміі" мужчыну, які ў жніўні 2023 года збіў даішніка, паведамляе прэс-служба пракуратуры. Яго прызналі вінаватым у супраціве міліцыянту падчас выкананны ім абавязкаў, спалучаным з ужываннем гвалту.
Паведамляецца, што мужчына ў нецвярозым выглядзе кіраваў аўтамабілем, калі ў Полацкім раёне яго спыніў даішнік. "У адказ на законныя патрабаванні прайсці ў службовы аўтамабіль мужчына актыўна перашкодзіў гэтаму: прычыніў праваахоўніку пабоі і фізічны боль, разарваў форменную кашулю", — заяўляюць у пракуратуры.
На судзе абвінавачаны сваю віну не прызнаў. Па яго словах, да форменнага абмундзіравання супрацоўніка ДАІ ён дакранаўся толькі ў сувязі са спробай выстаяць на нагах.
У паведамленні пракуратуры не называецца імя падсуднага. Але раней паведамлялася, што ў Расонскім судзе за гэты ж учынак, здзейснены ў тым жа жніўні 2023-га, судзяць экс-начальніка наваполацкай міліцыі Уладзіміра Дуброўскага. Затрымалі мужчыну пасля таго, як ён ехаў з рэстарана і ледзь не ўрэзаўся ў будынак.
Спярша яго судзілі толькі па адміністрацыйнай справе, бо ён быў дэпутатам Наваполацкага гарсавета. Але потым пачалі і крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.