Экс-начальніка наваполацкай міліцыі затрымалі за "п'яную язду" — BelPol
Экс-міліцыянта з Наваполацка затрымалі за "п'яную язду" / t.me/bypol
За кіраванне транспартам у нецвярозым выглядзе затрымалі былога начальніка Наваполацкага ГАУС Уладзіміра Дуброўскага, паведамляе аб'яднанне экс-сілавікоў BelPol.
Дуброўскі быў адным з арганізатараў рэпрэсій у Наваполацку ў 2020 годзе. А цяпер працуе спецыялістам па інфармацыі і эканамічнай бяспецы ТАА "ЭддиТек". (Як распавядала Еўрарадыё, раней гэты завод называўся "ЛЛК-НАФТАН", але ў 2021 годзе памяняў назву, каб не трапіць пад санкцыі ЗША.)
Як паведамляе BelPol, у ноч з 4 на 5 жніўня былы палкоўнік міліцыі ехаў з полацкага рэстарана "Гранд Паб", не справіўся з кіраваннем і ледзь не ўрэзаўся ў прыдарожны будынак. Ён супраціўляўся даішнікам, якія прыбылі на месца здарэння, адмовіўся сядаць у міліцэйскі аўтамабіль, парваў форменную кашулю былому калегу.
У выніку Дуброўскага затрымалі і пасадзілі ў ІЧУ.
Звычайна за такія дзеянні пагражае крымінальная справа паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). За гэта прадугледжваецца да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Аднак Дуброўскага неўзабаве выпусцілі з ізалятара, бо ён не толькі міліцэйскі экс-начальнік, але яшчэ і дзейны дэпутат Наваполацкага гарсавета. Да дэпутатаў дзейнічае асаблівы парадак крымінальнага пераследу.
Паводле інфармацыі BelPol, цяпер Дуброўскі выкарыстоўвае свае сувязі, каб "замяць" інцыдэнт і пазбегнуць адказнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.